Уплывовы нямецкі часопіс паведаміў дэталі новага пакета санкцый супраць Беларусі
У чарговы санкцыйны пакет Еўрасаюзу супраць Беларусі могуць быць уключаны прадпрыемствы "Гродна-Азот", "Беларуснафта" і "Белавія", паведамляе нямецкае выданне Der Spiegel са спасылкай на спіс, які абмяркоўвае ЕС.
Акрамя таго, у спіс плануецца ўключыць беларускія турыстычныя фірмы "Аскартур" і "Цэнтркурорт", сірыйскую авіякампанію Cham Airlines і турэцкага правайдэра пашпартна-візавых паслуг VIP Grub, піша выданне.
Пры гэтым адзначаецца, што Аляксандр Лукашэнка ўжо нібыта дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб адкрыцці новых маршрутаў для "Белавія". Дыпламаты з краін Балтыі, адзначае выданне, папярэджваюць, што новыя маршруты будуць ужо не з Блізкага Усходу, а з Масквы, таму што "ніхто ў ЕС не асмеліцца накласці санкцыі на расійскія авіякампаніі".
Па дадзеных Der Spiegel, канчатковае рашэнне наконт санкцый можа быць прынятае на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС, якая адбудзецца напрыканцы наступнага тыдня.
Der Spiegel — адзін з самых вядомых штотыднёвых часопісаў Германіі, наклад якога перавышае 1,1 мільёна экзэмпляраў.
Як паведамляла Еўрарадыё, у якасці адказу на "гібрыдныя атакі і інструменталізацыю мігрантаў" кіраўнікі МЗС краін ЕС дададуць у санкцыйны спіс асоб, якія маюць дачыненне да арганізацыі міграцыйнага крызісу. У блэкліст патрапяць юрыдычныя і фізічныя асобы, якія "садзейнічаюць арганізаваным і падтрыманым рэжымам Лукашэнкі нелегальным перасячэнням мяжы ЕС".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.