Усе mp3-прэм'еры мінулага тыдня: The Hysteria, Gran+, Саныч і іншае

v e g e t a b l e s — “Some Pure Bear In The Forest” (песня)

Мінскі гурт v e g e t a b l e s выклаў у ВК новую песню пад назвай “Some pure bear in the forest”. Музыкі, як заўжды, не ставяць перад сваімі трэкамі задачы некага выхаваць ці заклікаць на барыкады. Яны ўвогуле не ставяць перад сваімі трэкамі ніякіх задач.

“Мне няма чаго распавесці пра трэк. Яго проста трэба паслухаць. І, калі спадабаецца, паслухаць яшчэ раз і яшчэ, — смяецца ўдзельнік каманды Дзіма. — Не думаю, што мы хацелі сказаць нешта пэўнае. Мы не з тых, хто нешта мусіць сказаць, мы не як “Ляпис Трубецкой”, напрыклад”.

Gran+ — “MASK 98” (сінгл)

Трэці рэліз электроншчыка Gran+ пад назвай “MASK 98” выдадзены на беларуска-нямецкім лэйбле “Sanook Audio”. Выдавец зазначае, што пласцінка прысвечаная дваістасці чалавечай асобы. Не пярэчыць і сам музыка: “Спачатку я назваў гэты рэліз “I not I”, бо ў той перыяд жыцця, калі былі напісаныя трэкі, я перажываў асаблівы крызіс… Назвы трэкаў былі такія: Gran+ — “Separation = ocean fish”, Gran+ — “Inspiration = Olga”, Gran+ — “Pleasure = I die”, Gran+ — “Excitement = eno slip”. У звязку з “абставінамі і патрабаваннямі” трэкі "давялося пераназваць, але сэнс усё-такі захаваўся".

The Hysteria“Trojan Horse” (сінгл)

Першы вынік супрацы бадай што самага вядомага беларускага маткор-гурта з італьянскім лэйблам “Memorial Records”. Рэліз пачынаецца з ліста да Бога (“Letter to God”) і заканчваецца трэкам “Porn star”, персанаж якога ўжо ні на што не спадзяецца: “And God can`t save your soul // He kiss not your cheeks”. Паміж імі — характэрная для The Hysteria сумесь mathkore і death-метала, аздобленая кароткімі выхадамі ў “больш спакойныя” жанры.

Саныч“Одиссея” (альбом)

Лідар гомельскага гурта “Городская тоска” Саныч выдаў сольны альбом, які задумаў яшчэ ў 2011 годзе. Рэпер прызнаецца, што альбом можа не спадабацца найперш… рэперам!

“Я выкарыстоўваў вельмі шмат жывых інструментаў у запісу, запрашаў джаз-музыкаў і людзей, якія нешта вартыя ў музыцы”, — тлумачыць Саныч, і дадае, што хлопцы з гурта “Гомельская тоска” ўсё ж бралі ўдзел у запісу — дапамагалі бэк-вакалам.

L.Ray.TRAYN — "Космос мой" (prod.by KEMPEL) (песня)

Ідэя гэтага трэка саспела ў маладога беларускага рэп/хіп-хоп-выканаўцы Арцёма Калесніка (ён жа L.Ray.TRAYN), калі ён падумаў пра мэту свайго жыцця і тое, што ён зрабіў для яе. “Космос мой” — гэта прыгожая метафара пра мару, якую я спрабую спраўдзіць”, — распавядае Еўрарадыё Арцём.

Bigi — “Quadromania” (міні-альбом)

Гомельскі музыка Bigi выдаў дэбютны ЕР “Quadromania”. Рэліз складаецца з трох песень, напісаных у суаўтарстве з паэтам і па сумяшчальніцтве суседам Bigi па раёне Байсанам (ён жа — паэт Алесь Плотка).

“Гэта сапраўды суседскі калабарэйт! Тэксты для яго пісаліся вельмі проста — столькі ўсяго перажыта разам. Нават некаторыя лірычныя героі — гэта нашы супольныя знаёмыя. Гэта найперш сяброўскі праект, а не прафесійны, бо для нас гэта быў чысты фан!” — распавёў Еўрарадыё Байсан.

На сёння гэта ўсё. Наступны свяжак ад беларускіх выканаўцаў — праз летні адпачынак!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі