"Магу арганізаваць дзяўчыну лёгкіх паводзінаў".12 дзень "справы Коржыча"
Фота: Еўрарадыё
24 жніўня Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў судзе Маскоўскага раёна праводзіць 12-е пасяджэнне па справе аб гібелі 21-гадовага салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў навучальным цэнтры ў Печах. На лаве падсудных — 23-гадовы Яўген Бараноўскі, 20-гадовы Ягор Скуратовіч і 23-гадовы Антон Вяжэвіч. Яны абвінавачваюцца па ч. 1, 2 арт. 430 (атрыманне хабару службовай асобай) і ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў). Бараноўскага таксама абвінавачваюць па ч. 1 артыкула 205-га (крадзеж). Ён віну прызнаў часткова па ўсіх артыкулах, Скуратовіч і Вяжэвіч не прызналі ч. 3 арт. 455-га — тую, якая тычыцца смерці радавога Коржыча.
На пасяджэнні 22 жніўня практычна ўсе пацярпелыя блыталіся ў паказаннях. На гэтым будавалі абарону адвакаты абвінавачаных. Многія з салдат казалі невыразна, быццам баючыся сяржантаў, якія сядзяць у клетцы. Некаторыя прызнаюцца: следчаму на першых допытах баяліся распавядаць ўсю праўду, бо не думалі, што справа прыме такі маштаб. Некаторыя з іх распавялі, што нават пасля таго, як Коржыча знайшлі павешаным, але сяржантаў яшчэ не затрымалі, яны працягвалі здзекавацца над радавымі.
Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі ў падвале медыцынскай роты вайсковай часткі 3 кастрычніка 2017 года. Ён правісеў ў пятлі тыдзень. У салдата былі звязаны ногі, а на галаву надзетая майка. Расследванне гучнай справы доўжылася паўгода, разглядаліся тры версіі гібелі. У красавіку 2018 года Следчы камітэт паведаміў, што Коржыча давялі да самагубства калегі. Маці салдата ў гэтую версію не верыць, а пацярпелыя салдаты кажуць, што ў Аляксандра Коржыча не было прычын зводзіць рахункі з жыццём.