Ва Украіне на канале “Беларусь 24” знайшлі “антыўкраінскую прапаганду”
На БТ разбіраюцца ў сітуацыі і кажуць, што такое рашэнне стала для іх нечаканасцю.
Змест тэлеканала “Беларусь 24” не адпавядае патрабаванням Еўрапейскай канвенцыі і ўкраінскага заканадаўства, гаворыцца ў тлумачэнні. Такое рашэнне 15 кастрычніка прыняў Нацыянальны савет Украіны па пытаннях тэлебачання і радыё. 1 кастрычніка быў праведзены выбарачны маніторынг кантэнту замежнай праграмы “Беларусь 24”. Вынікі гэтага маніторынгу сведчаць аб наяўнасці ў перадачы "Правы чалавека. Погляд у свет” антыўкраінскай прапаганды і скажэнні інфармацыі аб палітычных падзеях ва Украіне.
Намеснік старшыні Нацыянальнага савета Рыгор Шверк адзначыў, што ў далейшым Нацыянальны савет звернецца з адпаведным іскам у суд. Аб сённяшнім рашэнні рэгулятара будзе паведамлена правайдэрам праграмнай паслугі.
“І для Белтэлерадыёкампаніі і для канала “Беларусь 24” гэта інфармацыя стала такой жа навіной, як і для ўсіх астатніх", — каментуе Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Белдзяржтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская. — Мы будзем разбірацца ў сітуацыі і высвятляць прычыны. Каментарыі будуць пазней”.