Ва Украіне забілі беларускага ваўка-вандроўніка Міхася
Ва Украіне забілі беларускага ваўка-вандроўніка Міхася. Здарылася гэта яшчэ ў верасні, інфармуе сайт vouk.by. У драпежніка быў ашыйнік з GPS-датчыкам і спецыялісты з мінулага года сачылі за яго падарожжам. Міхась з Белавежскай пушчы (менавіта там яго адлоўлівалі) хадзіў ва Украіну (на 400 км ад беларускай мяжы), вяртаўся назад, наведваў Польшчу. Падчас чарговай вандроўкі ва Украіну воўк прыбіўся да зграі, знайшоў сабе самку, у іх з’явіліся чацвёра ваўчанят. Калі падчас знаходжання ў Беларусі ён важыў толькі 39 кг, дык за час сямейнага жыцця за мяжой вага павялічылася да 50 кг.
Спецыялісты звярнулі ўвагу на Міхася ў тым ліку і з-за таго, што ён трымаўся спецыфічнай дыеты: любіў садавіну, ягады і мышэй. Украінскіх паляўнічых гэта не спыніла, яны палічылі, што беларускі воўк можа вынішчыць у лесе казуль.
Адзначаецца, што воўк Міхась "пакінуў унёсак у навуку і памяць пра свае прыгоды".