Вакалістка Tanin Jazz Таня Гарошка прэзентуе новы дыска-праект
Сонечная праграма Everybody Loves the Sunshine створаная ў лепшых традыцыях Incognito і De Phazz.
Лідарка праекта Tanin Jazz Таня Гарошка вырашыла зрабіць праграму з пазітыўнымі танцавальнымі трэкамі і прысвяціць яе першым сонечным дням. Праграма атрымала назву Everybody Loves the Sunshine.
Да праекту далучылася спявачка Таня Алейнікава і Алена Аракелян, вядомая як аўтарка англамоўных тэкстаў для Tanin Jazz. Танцавальны мікс у лепшых традыцыях Incognito і De Phazz дзяўчаты падтрымалі адмысловымі спецэфектамі ды запрасілі дыджэя. У аснове Everybody Loves the Sunshine — толькі аўтарская музыка.
“Гэта праект настрою — ад агульнага чакання лета! — смяецца Таня Гарошка. — Таму нам захацелася дынамічнага канцэрта, і нас ад гэтай праграмы неверагодна прэ! Для мяне асабіста гэта вельмі доўгачаканае — я фанат дыска і фанка, ды і ўвогуле танцавальнай музыкі. Мне здаецца, гэтая сумесь павінна спадабацца”.
Прэзентацыя праграмы Everybody Loves the Sunshine адбудзецца ў сталічным клубе “Coyote” 2 траўня. Уваход вольны. Пачатак а 21-ай гадзіне.