Вакульчык: Беларусы, якія ваююць за мяжой, псуюць наш міжнародны рэйтынг

Вакульчык: Беларусы, якія ваююць за мяжой, псуюць наш міжнародны рэйтынг

Прапановы па зменах у закон “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” агучыў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Маўляў, крыніцы небяспекі ў свеце мяняюцца, а наш закон аб тэрарызме нязменны вось ужо каля дзесяці гадоў. Да прыкладу, кажа Вакульчык, афіцыйна прызнаць тэрарыстычнай мы можам толькі зарэгістраваную арганізацыю, а вопыт паказвае, што “менавіта незарэгістраваныя фарміраванні ўяўляюць найбольшую пагрозу”.

Валерый Вакульчык: “Прапануецца ўстанавіць крымінальную адказнасць за дзеянні па стварэнні і фінансаванні аб’яднанняў грамадзян пры наяўнасці ў іх дзейнасці прыкмет экстрэмізму. Звяртаю ўвагу: крымінальная адказнасць распаўсюджваецца выключна на кіраўнікоў і фінансістаў экстрэмісцкай дзейнасці. Якія ў поўнай меры разумеюць грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў”.

І прапануе ўвесці адказнасць за “распальванне варожасці па моўнай і сацыяльнай прыналежнасці”. Бо менавіта яны, упэўнены старшыня КДБ, часта становяцца “аб’ектамі экстрэмісцкіх замахаў”. Праўда, якая за гэта будзе адказнасць, прысутныя ў Авальнай зале ад старшыні КДБ не чуюць.

На жаль, не выходзіць пасля свайго выступу Валерый Вакульчык да журналістаў, і таму магчымасці ўдакладніць гэты момант не выпадае. Бо прапанова цікавая на фоне скаргаў на абразы, што гучаць у адказ на беларускую мову нават ў дзяржаўных установах.

Таксама прапаноўваецца ўнесці змены ў тыя артыкулы закона, па якіх прыцягваюць да адказнасці за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Маўляў, цяпер да такой адказнасці можна выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў экстрэмісцкай літаратуры прыцягваць толькі пасля таго, як суд прызнае матэрыялы экстрэмісцкімі. Новы варыянт адпаведнага артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэнняў уводзіць адказнасць за тыражаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў нават калі яны не ўнесеныя ў “рэспубліканскі спіс экстрэмісцкай літаратуры”.

Таксама старшыня КДБ анансуе змены ў заканадаўстве, па якіх прыцягваць да адказнасці тых, хто ваюе ў іншай краіне, нават калі гэта не наёмнік, які атрымлівае грошы, а добраахвотнік і ваюе за ідэалы.

Валерый Вакульчык: “Такія сітуацыі негатыўна адбіваюцца на міжнародным рэйтынгу нашай краіны. Апроч таго, удзел беларускіх грамадзян у баявых дзеяннях за мяжой носіць антысацыяльны характар, спрыяе ўзнікненню слоя прафесійна падрыхтаваных баевікоў, якія прайшлі кроў”.

Апроч таго, прадугледжваецца прыцягненне да адказнасці за вярбоўку, навучанне грамадзян, фінансаванне ці “іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці”. А весці следства па гэтых злачынствах Валерый Вакульчык прапануе камітэту дзяржбяспекі.

Адзін з дэпутатаў цікавіцца, ці трапяць пад адказнасць беларусы, якія служаць у Французскім замежным легіёне. Тыя, хто ўступіць у легіён пасля набыцця зменамі моцы, трапляюць пад крымінальную адказнасць — калі будуць не проста служыць у легіёне, а браць удзел “ва ўзброеным канфлікце за мяжой”, пагаджаецца старшыня КДБ.

Не абходзіцца і без падрыхтоўкі спецслужб супрацьстаянню магчымым масавым пратэстам — загадзя прапаноўваецца ўвесці адказнасць за выраб “кактэйлю Молатава”.

Валерый Вакульчык: “Падчас пратэстаў радыкалы ўсё больш актыўна выкарыстоўваюць самаробныя запальваючыя сумесі, так званыя “кактэйлі Молатава”. К Беларусі такія дзеянні таксама былі: у 2010-2012 гадах зафіксавана шэсць такіх фактаў”.

Да адказнасці будуць прыцягваць за выраб, збыт, набыццё, захоўванне, нашэнне і перавозку такіх кактэйляў.

Цікава, што крыміналізацыя ўсяго вышэй пералічанага мае, на думку старшыні КДБ, найперш папераджальна-прафілактычную функцыю. А мэта — “супрацьдзейнічаць фарміраванням і асобным людзям, які ставяць за мэту падарваць унутрыпалітычную стабільнасць і грамадскую бяспеку краіны”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі