Валавы ўнутраны прадукт Беларусі сёлета скараціўся на 2,7%
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за першыя сем месяцаў 2016 года скараціўся на 2,7%. Ён склаў 52,6 млрд рублёў (ці 97,3% да ўзроўня студзеня-ліпеня 2015-га). Пра гэта паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
Адзначаецца, што аб'ём прамысловай вытворчасці ў бягучых коштах склаў 45,1 млрд рублёў. Гэта толькі 98% да ўзроўня аналагічнага перыяда мінулага года. Што да вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі (у сельгасарганізацыях, фермерскіх гаспадарках), то яна склала 6,2 млрд рублёў. У параўнанні з такім жа перыядам 2015-га яна павялічылася на 4,2%.
Як вядома, паводле афіцыйнага прагнозу, зацверджанага ўладамі, у 2016-м эканоміка нашай краіны мусіла выйсці з рэцэсіі, а рост ВУП скласці 0,3%. Аднак міжнародныя фінансавыя арганізацыі маюць менш аптымізму, чым беларускі ўрад. Напрыклад, Міжнародны валютны фонд чакае, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі сёлета скароціцца на 3%.