Валерый Цапкала: нам не пакінулі іншых варыянтаў акрамя права на паўстанне
Мірныя палітычныя акцыі 2020 года былі неабходным этапам, але ўлады праігнаравалі народныя патрабаванні, кажа Валерый Цапкала. Беларусы, лічыць ён, "сутыкнуліся з поўнай амаральшчынай і адарванасцю рэжыму ад людзей".
"Але нам трэба было прайсці гэты этап і зафіксаваць: мы цалкам прайшлі шлях мірнага супраціву. А цяпер рэжым не пакінуў іншых варыянтаў, акрамя таго, як прыбегнуць да таго, што прапісана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека — права на паўстаннe.
Выбух аднойчы адбудзецца, гэта непазбежна. І тады мы ўжо будзем будаваць новую Беларусь", — заявіў ён у інтэрв'ю "Нашай Ніве".
Экс-кіраўнік Парка высокіх тэхналогій летась вылучаўся на прэздэнцкія выбары, але яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Яшчэ ўлетку 2020-га Валерый Цапкала пакінуў Беларусь: на яго пачалі некалькі крымінальных справаў, яго маёмасць арыштавалі. Цяпер іх сям'я жыве ў Грэцыі.
Цапкала працуе IT-кансультантам, але не губляе палітычных амбіцый. "У мяне застаюцца палітычныя амбіцыі. Бо ёсць веды і ідэалогія, ёсць канкрэтны праект, якія я рэалізаваў — Парк высокіх тэхналогій. Я магу не проста казаць, як трэба, я магу прадэманстраваць беларускаму народу, што я зрабіў, што гэта працуе. І калі я буду абяцаць нейкі заробак, то не са столі", — пераконвае ён.
Пры гэтым Цапкала лічыць, што Беларусь не павінна быць прэзідэнцкай рэспублікай, каб не даваць неабмежаваную ўладу аднаму чалавеку. Ён лічыць гэта састарэлай сістэмай кіравання ў постіндустрыяльным грамадстве. "Адзін чалавек не можа ведаць усё, ён павінен умець працаваць у камандзе. З гэтага пункту гледжання парламенцкая рэспубліка падаецца мне аптымальнай формай кіравання", — тлумачыць палітык.
Ён кажа, што падтрымаў страйк, абвешчаны Сяргеем Дылеўскім, бо кожнае дзеянне — гэта лепш, чым нічога не рабіць. Да таго ж, усе дзеянні расхістваюць рэжым. "Сістэма сёння, відавочна, у поўным ступары і не можа рухацца наперад. Калі рэжым і не паваліцца зараз, то ўсё адно трэба трымаць яго ў напружанні і выводзіць з зоны камфорту ўсімі магчымымі ініцыятывамі. Калі гэтага не рабіць, ён зноў адчуе сябе добра, стомленыя беларусы пачнуць займацца сваімі справамі. Нас зноў вернуць у стойла і будуць даваць сена, прыгаворчваючы: "Паелі, чаго яшчэ вам трэба?". Гэтага нельга дапусціць, таму ўсім трэба падтрымліваць любое дзеянне супраць", — тлумачыць Цапкала сваю пазіцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.