Катэдж сям'і Цапкалаў спрабавалі прадаць трэці раз

Катэдж сям'і Цапкалаў

Катэдж сям'і Цапкалаў / e-auction.by

Рэжым Лукашэнкі і з трэцяга разу не змог прадаць мінскі катэдж сям'і палітуцекача Валерыя Цапкалы. Яго выстаўлялі на электронны аўкцыён "Белюразабеспячэння", але ахвочых набыць нерухомасць не знайшлося.

Двухпавярховы будынак знаходзіцца на вуліцы Цяплчнай у мікрараёне Сляпянка. Разам з домам прадаецца зямельны ўчастак з гаспадарчымі будынкамі. У доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей.

Лот выстаўлялі на продаж за 1 262 400 рублёў. Папярэднія разы цана была заўважна вышэйшай. Спярша пачатковая цана лота была 2 104 000 рублёў, потым яе знізілі да 1 683 200 рублёў.

Экс-кіраўнік парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала ў 2020 годзе выставіў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Аднак ЦВК не зарэгістраваў яго кандыдатам, бо налічыў менш за 100 тысяч сапраўдных подпісаў, неабходных для ўдзелу ў выбарах. пасля гэтага яго жонка Вераніка далучылася да аб'яднанага штабу Святланы Ціханоўскай.

Сам Валерый Цапкала ў ліпені 2020-га пакінуў Беларусь, асцерагаючыся пераследу. Пазней на радзіме яго завочна асудзілі да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.