Валерый Сахашчык самлеў за рулём і трапіў у лякарню
Падпалкоўнік Валерый Сахашчык, якога называюць "міністрам абароны" ў кабінеце Ціханоўскай, за апошні час двойчы быў у лякарні. А нядаўна страціў прытомнасць за рулём машыны, піша "Наша Ніва".
Паводле звестак выдання, першы раз Сахашчык трапіў у лякарню з дзіўнымі сімптомамі неўзабаве пасля заканчэння беларускай канферэнцыі ў Вільні.
Пасля гэтага ў яго было некалькі сустрэч у Еўропе, візіт ва Украіну. А пасля вяртання ў падпалкоўніка пачалі праяўляцца дзіўныя сімптомы. І тыдзень таму ён самлеў за рулём. На шчасце, разам з ім ехаў сын, які перахапіў руль і спыніў машыну, пазбегнуўшы аварыі.
Як піша "Наша Ніва", першаснае абследаванне ў Польшчы паказала поўны парадак з органамі сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Блізкія да Сахашчыка людзі дапускаюць, што сімптомы могуць сведчыць пра атручванне.
Праверкай гэтай версіі, як паведамляецца, плануюць заняцца ў берлінскай клініцы "Шарытэ": там сваім часам быў на рэабілітацыі расійскі апазіяцынер Аляксей Навальны.
Разам з гэтым не выключаецца, што праблемы са здароўем маглі быць выкліканыя станам павышанай эмацыйнай мабілізацыі падпалкоўніка Сахашчыка апошнім часам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.