Зламыснікі ўзламалі сайт кампаніі Валерыя Сахашчыка
Валерый Сахашчык
Сайт польскай кампаніі Валерыя Сахашчыка sahaty.pl перастаў адчыняцца, заўважыла "Наша Ніва".
Замест галоўнай старонкі вісіць абвестка пра ўзлом сайта. Уладальніку прапануюць звязацца з узломшчыкам цягам 72 гадзінаў. У іншым разе хакер (ці хакеры) пагражае цалкам выкласці архіў унутранай сеткі.
У архіве, як піша "НН", змяшчаюцца працоўныя дакументы фірмы — нічога сенсацыйнага. Але ёсць шмат звестак пра некаторых супрацоўнікаў польскай фірмы.
Выданне мяркуе,што ў гэтым выпадку дзейнічалі не серыйныя шантажысты-вымагальнікі, а беларускія спецслужбы. Тэкст, выкладзены на сайце, нідзе не гугліцца — гэта значыць, яго пісаў уласнаручна аўтар узлому. Гэтаксама ўнікальны і адрас электроннай пошты, па якім прапануюць звязвацца са зламыснікамі.
Акрамя таго ў тэксце ёсць прапанова, каб Сахашчык паведаміў зламыснікам унікальны атрыманы ідэнтыфікатар свайго сайта, але сам ідэнтыфікатар яму не пакінулі, адзначае "НН". З гэтага робіцца выснова, што зламыснікі і не разлічваюць на кантакт з Сахашчыкам, а проста імкнуцца яго дыскрэдытаваць.
Выданне адзначае, што пра ўзлом сайта даведалася ад ананімных пустых тэлеграм-акаўнтаў, якія прапаноўвалі асвятліць тэму.
Каментароў ад Сахашчыка пакуль няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.