Узлом сайта кампаніі Сахашчыка цалкам паралізаваў яе дзейнасць
Валерый Сахашчык
Узлом сайта польскай кампаніі Валерыя Сахашчыка цалкам паралізаваў яе дзейнасць — не працуюць ні бухгалтарскія праграмы, ні базы даных. "Пакуль не магу ацаніць маштаб страт. Мне трэба думаць, як аднавіць працаздольнасць фірмы", — кажа ў каментары "Зеркалу" кіраўнік.
Паводле слоў Сахашчыка, хакеры атрымалі доступ да інтэрнэт-старонкі фірмы, да дакументацыі і заблакавалі яе. "Гэта адбылося ў перыяд, калі мы закрываем год і вельмі шмат працы з дакументамі, трэба выконваць абавязацельствы перад падатковымі органамі Польшчы", — каментуе Валерый Сахашчык. Ён мае намер пачаць перамовы са зламыснікамі, каб паскорыць аднаўленне працаздольнасці кампаніі. Публікацыя дакументаў яго не хвалюе. "У іх няма нічога, за што мне трэба баяцца", — сказаў Сахашчык.
Валерый Сахашчык — былы камандзір брэсцкай 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Жыве і займаецца бізнесам у Польшчы. У 2022-м увайшоў у склад Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай як прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы. Летам мінулага года пайшоў у адстаўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.