Вальфовіч: Зяленскаму патрэбныя наглядальнікі на мяжы — хай сам і запрашае
Аляксандр Вальфовіч / прэс-служба Мінабароны
Беларусі не патрэбныя міжнародныя наглядальнікі на мяжы. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
"Калі Зяленскаму гэты кантынгент патрэбны на мяжы, то хай ён запрашае. Нам гэты кантынгент абсалютна не перашкаджае, але ён нам і не патрэбны. Нам няма чаго кантраляваць і няма чаго хаваць", — перадае "СБ. Беларусь сегодня" словы Вальфовіча.
Напярэдадні, як паведамляла Еўрарадыё, Уладзімір Зяленскі прапанаваў размясціць на мяжы Украіны і Беларусі місію міжнародных наглядальнікаў. Ён падкрэсліў, што Украіна не збіраецца ваяваць з Беларуссю, але асцерагаецца правакацыяў ад рэжыму Лукашэнкі.
Вальфовіч, каментуючы гэтую прапанову, таксама заявіў, што ўкраінскія памежнікі ды іншыя сілавыя структуры на прымежнай тэрыторыі "перакапалі ўсе дарогі і разбурылі ўсе масты, абсталяваўшы іх мінна-выбуховымі загародамі, абараняючыся незразумела ад каго і для чаго. І калі на гэтых мінах міратворчы кантынгент не падарвецца, напэўна, будзе шчасце".
Як вядома, у лютым расійскія войскі наступалі на Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Адціснуўшы іх, украінскія вайскоўцы ўмацавалі мяжу з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.