Варыянт Чалага для рэферэндуму: калі ты супраць Лукашэнкі — галасуй за пункт два
Сяргей Чалы / Еўрарадыё
Сяргей Чалы падзяліўся ідэяй пра тое, як апанентам дзеючых беларускіх уладаў паводзіць сябе на канстытуцыйным рэферэндуме. На думку аналітыка, змест рэферэндуму для грамадзянскай супольнасці не мае ніякага значэння: "Якая розніца паміж адным варыянтам Канстытуцыі "пад Лукашэнку" і іншым варыянтам Канстытуцыі "пад Лукашэнку"?". З іншага боку, Чалы супраць байкоту: "Відавочна, што Лукашэнка баіцца менавіта палітычнай мабілізацыі насельніцтва. Гэта значыць ісці на выбары трэба".
У гэтай сітуацыі Чалы прапануе наступнае. "Давайце сабе ўмоўна скажам: "Калі ты супраць Лукашэнкі — галасуй за пункт два". І абазначым сябе нейкімі знешнімі рэчамі. Напрыклад, маскамі. Белыя бранзалеты насіць нельга, але не будуць жа маскі здымаць АМАПаўцы і ГУБАЗіКі. А далей рабіце ўсё тое ж самае: працуе "Голас", фатаграфаванне бюлетэняў, гармонік [складваць бюлетэні гармонікам, каб яны былі заўважныя ў скрыні. — Еўрарадыё]. Наша задача — скарыстацца гэтым плебесцытам, каб прадэманстраваць сваю большасць. Нават у выпадку, калі ніякага значэння выбар не мае", — прапанаваў Чалы на стрыме ў суботу.
Рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі пройдзе ў канцы лютага 2022 года. Пра гэта нядаўна заявіла кіраўнік Савета рэспублікі Наталля Качанава.
Праект Канстытуцыі яшчэ ў працы. Нядаўна Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Палацы Незалежнасці паспрабаваў абвергнуць, што ён пішацца "пад прэзідэнта". Маўляў, прэзідэнцкія паўнамоцтвы ў ім як раз-такі памяншаюцца. Аднак гэты аргумент не вытрымлівае ніякай крытыкі: канстытуцыйная рэформа праводзіцца па ініцыятыве дзеючых уладаў, і, у першую чаргу, Лукашэнкі і яго адміністрацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.