Васілевіч: Трэба пераносіць пост з ежы на нейкія іншыя аспекты жыцця

Еўрарадыё: Наталля, ці шмат людзей пачынае пасціцца, ці актуальная гэта для нашай краіны тэма?

Наталля Васілевіч: Ну ўвогуле, як паказваюць даследаванні, менавіта пост займае першае месца ў рэлігійных практыках. І мне здаецца, пасціць — гэта самы просты шлях, каб неяк звязаць сябе з верай, з царквой, з Богам.

Еўрарадыё: Пост большасць разумее так, што трэба сябе абмежаваць у ежы, а ўсе іншыя аспекты знікаюць. Скажыце, што яшчэ трэба рабіць падчас паста?

Наталля Васілевіч: Важная сама ідэя: пост перад Раством, калядны пост — падрыхтоўка да свята Раства ў духоўным плане. Кожны сам вырашае, нельга камусьці раіць, што рабіць — маліцца ці чытаць Біблію… Людзі, якія больш з царквой звязаныя, часта рыхтуюцца да розных дзіцячых ранішнікаў, хоры рыхтуюць спевы калядныя, якія будуць выконваць у час Раства, у час святак — ад Раства да Богаяўлення. Ёсць і аскетычныя практыкі. Я думала, што раней адмаўленне ад ежы было практыкай эканамічнага плану. Гэта значыць, людзі пачыналі есці больш танную ежу, посную ежу, і тыя грошы, якія заставаліся, аддавалі на міласэрнасць.

Еўрарадыё: Здаецца, тэма эканоміі вельмі актуальная ў часы крызісу ў Беларусі…

Наталля Васілевіч: Не толькі ў часы крызісу. Мне здаецца, што найлепей было б адмовіцца ад паходаў у рэстараны, у кавярні… Свае эканамічныя расходы памяншаць, але не для таго, каб ашчадзіць больш, а каб ашчадзіць для кагосьці, для нейкай добрай справы. Цяпер, у стагоддзе экалагічнай свядомасці, напрыклад, можна не ездзіць на ліфце, хадзіць пешкі. Менш карыстацца аўтамабілем, больш грамадскім транспартам, устрымлівацца ад таго, каб ездзіць на маршрутках. Але вось перыяд Раства, зніжкі ў крамах перад Раством, Новым Годам — яны, наадварот, стымулююць кансюмерызм. Цяпер чалавек менш траціць на ежу, а больш на іншыя рэчы. І таму мне здаецца, што ўжо трэба пераносіць пост з ежы на нейкія іншыя аспекты, то бок устрымлівацца не толькі ў ежы і не столькі ў ежы, колькі ў розных забавах, у траце грошай.

Еўрарадыё:  Існуе думка, што падчас посту нічога смачнага есці нельга. Ці праўда гэта?

Наталля Васілевіч: У кожнага чалавека свой густ, таму вельмі цяжка тут раіць… Я думаю, што ў пост усё проста трэба лічыць смачным.

Еўрарадыё:  Ну, а якія стравы, напрыклад, можна есці?

Наталля Васілевіч: Ёсць цэлы статут, які прадугледжвае розныя стравы на кожны дзень. На аўторак, сераду, чацвер, суботу — свае стравы, на сераду, пятніцу – свае. Лічыцца, што ў панядзелак, сераду і пятніцу стравы ўжываюцца без алею. Трэба адзначыць, што пост выпрацоўваўся зусім у іншых кліматычных умовах, з іншым наборам страваў. Так, мы яго трымаемся, але трэба ведаць, што гэта манаскі статут, ён выпрацоўваўся для манахаў, якія заўсёды не так шмат ядуць. Трэба разлічваць свае сілы, падрыхтоўку, магчымасці цяпер, калі часта рыба даражэйшая за мяса. У адпаведнасці са статутам царкоўным рыбу можна есці ў нядзелю і ў суботу, а таксама ў Дзень увядзення Божай Маці ў храм, у іншыя вялікія святы, якія прыпадаюць на аўторак і чацвер. Усё індывідуальна, таму што некаторыя людзі маюць алергіі, захворванні. Безумоўна, лепш адмовіцца ад мясных, тлустых, багатых сталоў. Можа есці тое самае, але ў меншай колькасці, не злоўжываць алкагольнымі напоямі. Пост — гэта вельмі добры шанец пазбавіцца ад залежнасцей: ад інтэрнэт-залежнасці, сацыяльных сетак, ад палення, ад частага піцця піва. 

Еўрарадыё: Калі раніцай устаеш, трэба недзе бегчы, няма часу, каб доўга гатаваць, ці каб гэта яшчэ было поснае. Вось які самы просты посны сняданак? Выходзіць, што бутэрброда з каўбасой не зробіш сабе.

Наталля Васілевіч: З каўбасой, магчыма, не. Мне некалі грэкі параілі тое, што яны звычайна ядуць у пост (не ведаю, наколькі гэта здаровая ежа), яны бяруць лімон, аліўкавы алей — наліваюць на талерку, тады лімону выціскаюць трохі, солі і спецыі арэгана. Потым хлебам вымочваюць ды з’ядаюць. Гэта даволі энергетычна, але я не ведаю, як яно адаб'ецца на фігуры ці на страўніку. У прынцыпе, вельмі проста робіцца, смачна. Можна проста з джэмам хлеб есці. 

Еўрарадыё: Чалавек, які трымае пост, за навагоднім сталом выгнаннік, таму што Новы Год раней за Раство і, калі чалавек адзначае Нараджэнне Хрыстова 7 студзеня, то ён не мае права святкаваць Новы Год 31 снежня.

Наталля Васілевіч: Нават праваслаўныя людзі адзначаюць Раство 25 снежня, проста яно ў праваслаўных прыпадае на 7 студзеня ў гэтым стагоддзі. У наступным стагоддзі, калі праваслаўныя не пяройдуць на новы стыль, гэта будзе 8 студзеня. Кожнае стагоддзе на адзін дзень гэтая дата будзе перасоўвацца, але, згодна з праваслаўным календаром, яна ўсё адно будзе заставацца 25 снежня. Некаторыя праваслаўныя такое выйсце знаходзяць: яны ігнаруюць гэты Новы Год і потым адзначаюць чатырнаццатага студзеня па поўнай праграме.  

Еўрарадыё: А можа, лепей тады пратрымацца да 25 снежня, а тады ўжо і пачаць есці ўсё, што можна?

Наталля Васілевіч: Можна. Калі чалавек не царкоўны, у царкву не ходзіць, але ён праваслаўны і не залежыць ад багаслужэння ў канкрэтным прыходзе, а проста ў сямейным коле адзначае, ён спакойна можа пачаць пост 15 лістапада і скончыць 25 снежня па новым стылі. Многія праваслаўныя ў розных краінах свету менавіта так і робяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі