Вайскоўцы ў Балівіі паспрабавалі зладзіць дзяржпераварот
Вайскоўцы на вуліцах Ла-Паса
У Балівіі ледзь не здарыўся дзяржаўны пераварот. Кіраваў паўстаннем генерал Хуан Хасэ Сунігі, да нядаўняга часу камандуючы балівійскім войскам. Ваенныя пад яго кіраўніцтвам сабраліся на цэнтральнай плошчы сталіцы краіны Ла-Паса, дзе размешчаны прэзідэнцкі палац і Кангрэс. Reuter са спасылкай на відавочцаў піша, што бронемашына пратараніла дзверы прэзідэнцкага палаца, і ўнутр уварваліся салдаты.
Аднак праз некалькі гадзін салдаты пайшлі з плошчы, а плошчу ўзяла пад свой кантроль паліцыя. Балівійскія ўлады арыштавалі Сунігу, а прэзідэнт Арсэ прывёў да прысягі ў якасці ваеннага камандуючага Хасэ Вільсана Санчэса. Новы камандуючы заклікаў да аднаўлення спакою і парадку.
Reuter адзначае, што напружанасць у Балівіі нарастае на фоне выбараў 2025 года. Змагацца за ўладу зноў плануе экс-прэзідэнт Эва Маралес (ён узначальваў Балівію ў 2006-2019 гадах). Яго былы саюзнік і дзейны прэзідэнт Арсе таксама мае намер вылучацца. Гэта стварае сур'ёзны раскол у кіруючай сацыялістычнай партыі і пэўную палітычную нявызначанасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.