Вайсковая часць адсудзіла ў чыноўнікаў грошы за непрыдатнага прызыўніка
Эканамічны суд Брэсцкай вобласці разглядаў пазоў вайсковай часці да Пружанскага райвыканкама за неабгрунтаваны прызыў грамадзяніна на тэрміновую вайсковую службу. Як паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда, суд прыняў рашэнне на карысць вайсковай часці.
Вайсковая часць заявіла аб прычыненай шкодзе ў выніку датэрміновага звальнення вайскоўца. Выявілася, што падчас прызыву неўролаг не правёў належны агляд хлопца ў адпаведнасці з методыкамі абследавання нервовай сістэмы. У прыватнасці, ён не ацаніў сілу, тонус і трофіку цягліц ды наяўнасць прыкмет мышачнай атрафіі. У выніку прызыўніка неабгрунтавана адправілі на тэрміновую ваенную службу.
Выявілася, што мышачную атрафію не заўважылі ні ў абласной прызыўной камісіі, ні нават лекар медроты. "Пры гэтым суд палічыў, што адсутнасць доказаў ўстанаўлення адпаведнага дыягназу лекарам медыцынскай роты пры залічэнні ў асабісты склад вайсковай часці, прызнанне прызыўніка прыдатным да праходжання тэрміновай вайсковай службы абласной прызыўной камісіяй не абверглі пададзеныя доказы неабгрунтаванасці прызыву", — гаворыцца ў паведамленні суда.
Суд пастанавіў спагнаць з Пружанскага райвыканкама на карысць вайсковай часці 923,17 рубля, а таксама 637,5 рубля на аплату дзяржаўнай пошліны.
У суму шкоды ўвайшлі наступныя выдаткі: 355,3 руб. — выдаткі на выплату рэчавага забеспячэння, 60,77 руб. — грашовае забеспячэнне, 483,92 руб. — кошт харчавання вайскоўца, 5,59 руб. — кошт лячэння, 5,27 руб. — выдаткі на баявую падрыхтоўку, а таксама 12,32 руб. — выдаткі на прадастаўленне вайсковых перавозачных дакументаў.