Вельмі шмат выклікаў: медыкі хуткай з Баранавічаў звярнуліся да пацыентаў
Станцыя хуткай дапамогі ў Баранавічах / nashkraj.by
Колькасць выклікаў, якія паступаюць на станцыю хуткай дапамогі ў Баранавічах, у апошні час шматкроць узрасла. У гэтай сувязі медыкі просяць пацыентаў больш узважана падыходзіць да вырашэння тэлефанаваць у 103.
"Вялікая просьба: не трэба выклікаць хуткую дапамогу, калі ў вас тэмпература ніжэй за 38,5, вы хварэеце першыя суткі, або на ўсялякі выпадак праверыцца!", — гаворыцца ў звароце баранавіцкіх медыкаў, размешчаным на іх старонцы ў Instagram.
Медыкі нагадваюць, што брыгада не можа зрабіць тэст на COVID-19 — "хуткая не бярэ мазкі, не робіць рэнтген і КТ. Дайце нам магчымасць дапамагчы тым, каму мы рэальна патрэбны", просяць лекары.
Пры гэтым аўтары звароту падкрэсліваюць, што вельмі любяць сваіх пацыентаў і перажываюць за іх, імкнуцца дапамагчы кожнаму, каму сапраўды патрэбна экстраная дапамога.
"Але мы разумеем, што перш за ўсё мы павінны імчацца да тых, каму пагражае небяспека. Давайце паважаць адзін аднаго!", — кажуць медыкі.
У Беларусі па-ранейшаму захоўваецца складаная эпідэміялагічная сітуацыя. Кожныя суткі медыкі выяўляюць парадку 1800-1900 новых пацыентаў з COVID-19. Напярэдадні было зарэгістравана 1 911 такіх новых выпадкаў. А ўсяго з пачатку пандэміі ў Беларусі выяўлена 164 059 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, памерлі 1 282 пацыента з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
На днях міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч казаў, што Беларусь выйшла на пік пнеўманій і пратрымаецца на гэтым узроўні мінімум паўтара месяца. Другая хваля каранавіруса, па яго прагнозу, пачне спадаць толькі да лета будучага 2021-га года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.