Ветракі дадуць палову энэргіі, якую чакаюць ад беларускай АЭС?

Еўрарадыё даведалася, ці магчыма замяніць АЭС ветракамі, гідраэлектрастанцыямі ды іншымі альтэрнатыўнымі крыніцамі энэргіі…
У якасці галоўных аргументаў “за” атамную электрастанцыю называліся зніжэнне сабекошту вырабляемай энэргіі, а таксама празмерная залежнасць Беларусі ад расійскага газу. Але як высветліла Еўрарадыё, не факт, што з будаўніцтвам АЭС энергія стане таннейшай.

Як паведамляў раней міністр энэргетыкі Аляксандр Азярэц, сабекошт электраэнэргіі найбуйнейшай беларускай станцыі Лукомльскай ДРЭС з 2008 года складае крыху больш за 5 цэнтаў. Але энэргія, вырабленая на ветраках і ГЭС, больш танная за атамную.

“Кілават за гадзіну працы на ветраку каштуе 3,5 цэнта”, - кажа Еўрарадыё кандыдат тэхнічных навук, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі экалогіі Мікалай Лаўрэнцьеў. Для прыкладу, на Валгадонскай АЭС 1 кВт/г вырабленай энэргіі каштуе да 4 цэнтаў. Такі ж рэактар, як на расійскай станцыі, плануецца выкарыстоўваць і на будучай АЭС у Беларусі. Рознiца – у 0,5 цэнта на карысць ветракоў.

Больш за тое, застаецца пытанне вываду АЭС з эксплуатацыі. Дырэктара інстытута гуманітарных і экалагічных тэхналогій Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій Ягора Фядзюшына непакоіць менавіта гэта:

“У прынцыпе, мы можам абысціся мясцовымі крыніцамі энергіі. На самой справе не ўлічваецца вывад з эксплуатацыі. Вывесці з эксплуатацыі каштуе прыблізна столькі, як і пабудаваць”.

Варта пераходзіць на ўзнаўляльныя крыніцы электраэнергіі, гаворыць загадчык навукова-даследчай лабараторыі інстытута “Белэнергасеткапраект” Усевалад Пякеліс. Па разліках, ветракі могуць забяспечыць энергіяй беларусаў на 7%.

Усевалад Пякеліс: “Магутнасць аднаго ветрака – 1,5 мВт. Па Мінскай вобласці з лёгкасцю набіраецца 700 мВт. Гэта агромністая магутнасць. Ветракі даюць аддачу максімум за два гады. У гэтым іх каласальная перавага перад АЭС. Калі ў Мінскай вобласці агульная спажываная магутнасць складае дзесьці 10 тысяч, то 700 мВт - гэта 7%”.

Нагадаем, па папярэдніх разліках будучая АЭС зэканоміць каля 14-15% паліўна-энэргетычнага балансу Беларусі. Такім чынам, ветракi напалову могуць замянiць будучую АЭС. І эфект атрымаем значна раней. Але, па словах эксперта, пад ветракі чамусьці не хочуць выдзяляць землі.

Эксперты ацэньваюць патэнцыйную магутнасць беларускіх рэк у 520 МВт. Зараз гідраэлектрастанцыі даюць каля 28 Мвт. Калі будаваць ГЭС, можна зэканоміць яшчэ чвэрць эфекту ад АЭС.

Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч упэўнены, што меркаванай эканоміі ад АЭС можна дабіцца простым зніжэннем энергаёмістасці эканомікі:

Станіслаў Багданкевіч: “Я не выступаю прынцыпова супраць выкарыстання атамнай энэргетыкі. Але я лічу, што для Беларусі ў гэтым няма неабходнасці. У нас агромністая энэргаёмістасць – у 2,5-3 разы перавышае энергаёмістасць нацыянальнага прадукту ў Еўропе. Наша задача – замяніць тэхналогію і скараціць патрабаванні эканомікі ў выкарыстанні энэрганосьбітаў”.

Па разліках, АЭС зэканоміць 20% спажыванага краінай газу. Станіслаў Багданкевіч лічыць, што, замяніўшы тэхналогіі можна дамагчыся нават большай эканоміі:

Багданкевіч: “Цяпер спажываецца 20 млрд кубаметраў газу. Вось 5 млрд кубаметраў мы можам зэканоміць. Нам і не трэба столькі. У нас вельмі энергаёмістая і рэсурсаёмістая вытворчасць. Трэба скарачаць”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму чыноўнікі, калі гавораць пра АЭС, кажуць пра эканомію газу? Бо АЭС вырабляе электраэнергію!

“Прыродны газ будзе замяшчацца аналагічнай колькасцю ядзернага паліва”, - удакладняе Еўрарадыё акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ядзершчык Аляксандр Міхалевіч:

“Не зэканоміць, а замясціць. Атамныя электрастанцыі вырабляюць электрычнасць, выкарыстоўваючы ядзернае паліва. Гэта значыць, што замяшчаецца аналагічная колькасць прыроднага газу.

Да таго ж, адна з задач канцэпцыі энэргетычнай бяспекі – гэта пазбегнуць залежнасці ад прыроднага газу (95% пры вырабе электрычнай энергіі). Гэта дрэнна, калі ўся электраэнэргія вырабляецца толькі пры дапамозе аднаго віду паліва. Ёсць такое слова — дыверсіфікацыя”.

Аднак калі ядзернае паліва ўсё роўна будзе расійскім, то дыверсіфікацыя таксама будзе несапраўднай.

Напэўна, галоўным аргументам “за” будаўніцтва АЭС можа стаць зніжэнне тарыфаў на электраэнергію для насельніцтва. Па словах намесніка дырэктара БелНІПІ “Энэргапрам” Уладзіміра Баброва, тарыфы знізяцца на 10-15%. Але адбудзецца гэта не раней за 2020 год. Пры штогадавай інфляцыі ў 10% мы дакладна гэтага не адчуем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі