Віктар Януковіч хоча абараніць Украіну ад беззаконня (відэа)

Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў, што гатовы абараніць суграмадзянаў ад беззаконня. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю тэлеканалу “Расія 1”, на якое спасылаюцца расійскія СМІ.

“Мне балюча за ўсё, што адбылося, адбываецца цяпер ва Украіне. Не хачу шмат казаць, калі Гасподзь Бог мне захавае жыццё, калі Гасподзь Бог дасць мне магчымасць зрабіць тое, што трэба сёння людзям, каб абараніць іх правы, абараніць іх ад таго бязладдзя і беззаконня, якое ёсць у краіне, я зраблю ўсё, што будзе ў маіх сілах”, — адзначыў Януковіч. Ён дадаў, што, разважаючы над гэтым, “правёў вельмі шмат бяссонных начэй”.

Такім чынам палітык, які цяпер знаходзіцца ў Расіі, адказаў на пытанне, ці гатовы ён вярнуцца на радзіму, і што ён скажа ўкраінцам, калі прыедзе назад.

Напярэдадні прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пажадаў Януковічу “гарэць у пекле”. Гэта ён сказаў у часе цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагародаў сем’ям загінулых удзельнікаў Еўрамайдану.

4 лютага Вярхоўная Рады пазбавіла Януковіча ганаровага звання прэзідэнта краіны. Раней, у студзені суд у Кіеве санкцыянаваў завочны арышт Януковіча, а Інтэрпол абвясціў яго ў міжнародны вышук. Былы кіраўнік дзяржавы абвінавачваецца ў спрычыннасці да гібелі ўдзельнікаў Еўрамайдану, а таксама па шэрагу іншых крымінальных справаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі