Віктар Януковіч паедзе на саміт у Вільню
У планах украінскага прэзідэнта прысутнічае наведванне 28-29 лістапада саміта "Усходняга партнёрства".
Пра гэта са спасылкай на міністра замежных спраў Леаніда Кожара паведамляе УНІАН. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Украіны адзначыў, што "Украіна не адмаўляецца ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі". Паводле яго словаў, гаворка ідзе пра прыпыненне працэсу падпісання.
Нагадаем, 21 лістапада Вярхоўная рада праваліла ўсе варыянты законаў аб выездзе былога прэм’ера Украіны Юліі Цімашэнкі на лячэнне за мяжу. У выніку яна засталася за кратамі, а адна з умоваў Еўрасаюза напярэдадні падпісання Дамовы аб асацыяцыі была невыканана. Пазней Кабінет міністраў Украіны распарадзіўся прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэння пагаднення і даручыў шэрагу міністэрстваў засяродзіцца на развіцці адносінаў з СНД і Мытным саюзам, а таксама загадаў нармалізаваць адносіны з Расіяй.
Пазней, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у тэлефоннай гутарцы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ патлумачыў, што Кіеў не можа падпісаць дамову з Еўрасаюзам з-за эканамічнага ціску і шантажу Расіі. Януковіч заявіў аб пагрозах абмежаваць імпарт тавараў з Усходняй Украіны. А гэта, па падліках Кіева, магло б прынесці мільярдныя страты.
Кіраўнікі ЕС прынялі заяву пра "знешні ціск" на Украіну з боку Расіі
Дамова аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам падпісваецца з краінай, што не з’яўляецца сябрам ЕС. Яна прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы палітыкі, гандлю, сацыяльных, культурных сувязяў і ўмацаванне бяспекі. Краіна, што падпісвае такую дамову з ЕС, павінна правесці адпаведныя рэформы. У абмен на гэта яна можа атрымаць бяспошлінны доступ да рынкаў ЕС, а таксама фінансавую або тэхнічную дапамогу. Пагадненне аб асацыяцыі ўключае ў сябе і пагадненне аб свабодным гандлі.
Фота — ria.ru