Віктар Януковіч сёння з'язджае з "рэвалюцыйнай" Украіны (відэа)
На чатыры дні. Украінскі прэзідэнт вырашыў не адмяняць свой афіцыйны візіт у Кітай з-за апошніх падзеяў ва Украіне.
"Хаця ў нас сітуацыя ўнутраная, як кажуць, не вельмі добрая для візітаў, але калі я адмоўлюся ад гэтага візіту, згубіць эканоміка дзяржавы", — заявіў Віктар Януковіч у інтэрв'ю ўкраінскім тэлеканалам.
Паведамляецца, што візіт вельмі важны для Украіны, паколькі прадугледжанае падпісанне шматлікіх дакументаў, у тым ліку тых, якія датычаць паступлення інвестыцый.
Нагадаем, ва Украіне працягваюцца масавыя акцыі пратэсту прыхільнікаў еўраінтэграцыі. Яны пачаліся пасля таго, як украінскі ўрад напярэдадні віленскага саміта адклаў падпісанне дамовы пра асацыяцыю з Еўрасаюзам. У ноч на 30 лістапада спецназ жорстка разагнаў еўрамайдан у цэнтры Кіева. У адказ на гэта ў нядзелю, 1 снежня, на вуліцы і плошчы выйшла да 500 тысяч чалавек, на плошчы Незалежнасці было адноўленае намётавае мястэчка.
Віктар Януковіч асудзіў празмернае ўжыццё сілы праваахоўнікамі, адначасова ён заклікаў удзельнікаў акцый пратэсту "працаваць, а не біцца".
Фота — ria.ru