Вікторыя Азаранка прайграла першай ракетцы свету Серэне Уільямс
Гэта быў вельмі цяжкі паядынак, які працягваўся каля трох гадзінаў. Беларуска прайграла ў трох сэтах — 6:7, 6:3, 6:7.
6 траўня на тэнісным турніры ў Мадрыдзе ў 1/8 фіналу сустракаліся беларуска Вікторыя Азаранка і амерыканка Серэна Уільямс, экс-першая ракетка свету і першы нумар сусветнага жаночага тэнісу на сённяшні дзень. Вельмі ўпартай была барацьба ў першым сэце. Віка, маючы значную перавагу ў тай-брэйку (5:1), у выніку ўпусціла перамогу — 6:7, але другі сэт беларуска ўпэўнена выйграла — 6:3. У трэцім сэце Азаранка прайгравала 0:3, але здолела зраўняць лік. Усё вырашылася зноў у тай-брэйку. Азаранка была ў кроку ад перамогі, але прайграла — 6:7.
Нагадаем, што на старце мадрыдскага турніра Азаранка выйграла ў амерыканкі Вінус Уільямс — 6:4, 7:5, а пасля абыграла Айлу Тамлянавіч з Харватыі — 6:3, 6:3.
Вікторыя Азаранка займае ў рэйтынгу WTA толькі 31-е месца, але выступленне на мадрыдскім турніры палепшыць яе становішча.
Фота: ria.ru