Вільня патрабуе ад Мінска пакрыць шкоду за міграцыйны крызіс

Беларуска-літоўская мяжа / flickr.com
Беларуска-літоўская мяжа / flickr.com

Літва патрабуе ад Беларусі пакрыць шкоду за ўдзел у міграцыйным крызісе, піша LTR са спасылкай на літоўскага міністра юстыцыі Эвеліну Дабравольскую. Гаворка ідзе пра суму не меншую за 120 мільёнаў еўра. Гэта паводле папярэдніх ацэнак.

"Літва запатрабуе кампенсацыі шкоды. Шкода, якую мы панеслі не толькі за кошт утрымання мігрантаў, але і за кошт узмацнення нашага кантролю, той інфраструктуры, якой у нас не было", заявіла міністр. Дабравольская таксама расказала, што Літва ўжо завяла справу супраць Беларусі за ўвоз мігрантаў у краіну. Учора гэты працэс быў ухвалены Кабінетам міністраў. Міністэрства замежных спраў Літвы накіравала ў Беларусь ноту з прапановай вырашыць спрэчку ў арбітражным судзе. Калі цягам паўгода пытанне не будзе ўрэгуляванае, літоўскія ўлады маюць намер звярнуцца ў Міжнародны суд.

"Сабрана дастаткова доказаў, каб мы маглі сцвярджаць, што беларускі рэжым не толькі свядома штурхае людзей на тэрыторыю Літвы цягам двух гадоў, але і ініцыюе дзеянні, якім чынам мігранты могуць уехаць на тэрыторыю Літвы“, сказала Дабравольская.

На думку літоўскіх уладаў, беларускія ўлады сваімі дзеяннямі парушылі пратакол аб незаконным увозе мігрантаў па сушы, моры і паветры, які дапаўняе Канвенцыю Арганізацыі Аб'яднаных Нацый супраць міжнароднай арганізаванай злачыннасці. З 3 жніўня 2021 года, калі літоўскія памежнікі атрымалі права не пускаць мігрантаў у краіну, яны вярнулі назад у Беларусь каля 20 тысяч чалавек. Частка замежнікаў спрабавала трапіць у Літву некалькі разоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі