Віталь Маціеўскі: “Нас успрымаюць, як псеўдаанглічан“ (Фота + відэа)

Уладальнікі рок-кароны 2009 у намінацыі "Поп-рок праект"  гурт Open Space правялі прэзентацыю альбома "Deal With Silence"  ў сталічным "Рэактары". Нягледзячы на тое, што кожнаму, хто прыйдзе на канцэрт, музыкі абяцалі свой новы альбом у падарунак, на імпрэзу сабралося каля 60 чалавек. Акрамя прэзентацыі свайго апошняга альбома "Deal With Silence"   у гэты вечар гурт святкаваў чатырохгоддзе. Такім чынам, акрамя выканання новых песень, музыканты зладзілі своеасаблівае падарожжа па сваёй творчасці за ўвесь час існавання гурта
“Гэтым канцэртам мы хацелі б даць магчымасць нашым слухачам прасачыць разам з намі эвалюцыю гурта”,— распавядае перад пачаткам канцэрту вакаліст  Open Space  Віталь  Маціеўскі.
Нягледзячы на невялікую колькасць прысутных, канцэрт не быў адменены. А пасля імпрэзы мы разам з Віталём паспрабавалі разабрацца, чаму чаканні музыкантаў не спраўдзіліся:

Віталь Маціеўскі: “У плане праграмы канцэрту ўсё было менавіта так, як мы запланавалі. І мы выклаліся на 200 адсоткаў. У астатнім, я яшчэ не зусім разумею, што адбылося. Афіш было шмат, не ведаю, чаму гледачоў прыйшло значна менш, чым мы планавалі.. Атрымалася такое камернае мерапрыемства. Але тыя, хто ўсё ж такі прыйшоў, атрымалі сапраўднае задавальненне, я бачыў па іх тварах, ды і авацыі доўга не сціхалі пасля завяршэння. Пасля канцэрту я выйшаў у залу і яшчэ доўга раздаваў аўтографы і фоткаўся“.
Пасля некаторых разважанняў Віталь пералічыў некалькі прычын, па якіх, на яго думку, людзі маглі не прыйсці на канцэрт:

“Па-першае, канцэрт мы прызначылі на чацвер: магчыма, гэта было не вельмі зручным, ісці кудысьці сярод тыдня. Па-другое, можа быць, мы не вельмі ўгадалі з коштам квіткоў — усё ж такі, наша аўдыторыя — гэта старшакласнікі і студэнты. Да таго ж, я размаўляў з музыкантамі з іншых гуртоў — мне сказалі, што зараз нават масцітыя гурты, якія раней з лёгкасцю збіралі той жа Рэактар, добра, калі палову клубу збіраюць. Чорт яго ведае. Можа быць, час мяняецца і людзі больш не хочуць прыходзіць на рок-канцэрты.. Гледзячы па ўсім, тут не адна прычына..“
Крыху падумаўшы Віталь дадае:

“Можа быць, нам не хапіла піару. Калі б нам хто-небудзь дакладна сказаў, у чым праблема, чаму людзі не прыходзяць. У нас, музыкантаў, ёсць 2 варыянты: ці зараз людзі ўвогуле перасталі хадзіць на канцэрты. Ці праблема ў тым, што мы спяваем на незразумелай мове. Праблемы ў нас, як у музыкантах, ці ў самой музыцы, думаю, няма. Можа нас успрымаюць, як фонавы гурт — так, прыкольна паслухаць. Нібыта псеўдаанглічане. А так, каб на канцэрты прыйсці – дык не“.

Музыканты сур'ёзна задумаліся над тым, каб заспяваць па-руску:

“Не ведаю, ці ўсё кідаць і пераходзіць на рускую мову. Але ж таксама трэба час, каб прызвычаіцца.. Да таго ж — згубіць час і сілы на стварэнне альбома, а пасля ўбачыць на канцэрце такую ж колькасць людзей? Не хацелася б“.
Удзел у прэзентацыі ўзяў клавішнік гурта J:морс  Дзяніс Варанцоў. Са словаў Віталя Маціеўскага, так вядомы музыкант павіншаваў гурт з чатырохгоддзем.

Віталь Маціеўскі: “Мы неяк пазнаёміліся ў нефармальных абставінах і прапанавалі Дзянісу сыграць на прэзентацыі разам з намі. Ён адказаў: “Я ў прынцыпе не сесійны музыкант, але вы мне, хлопцы, сімпатычныя, таму давайце паспрабуем”. Шмат хто пытаўся ў нас, калі ж у гурце з’явяцца клавішы — вось мы і вырашылі паказаць, як гучыць гурт з клавішамі. Гэта адзінкавая супраца, падарунак з боку Варанцова нам на базе сяброўскіх адносін“.

Да таго ж, музыканты Open Space разлічваюць, што ў будучым Дзяніс Варанцоў падрыхтуе аранжыроўкі для запісу новага альбома.

Віталь Маціеўскі: "Раней гэта рабіў я. Але, ўлічваючы тое, што я не клавішнік і не валодаю такой прафесійнай “базай” гукаў, як ў яго... Таму, магчыма, мы пасупрацоўнічаем з Дзянісам у гэтым накірунку, каб насамрэч усё атрымалася цікавым”.
Хто напіша рускамоўную песню для Open Space, якімі “фішкамі” гурт збіраецца “узяць” еўрапейскую публіку на адным з летніх фэстаў, і ў якіх імпрэзах музыканты вырашылі больше не браць удзел — чытаце неўзабаве ў вялікім інтэрвью для Еўрарадыё.
















Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі