ВНУ завяршылі прыём дакументаў для паступлення на бюджэтныя месцы
Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, “эканамічныя і ІТ-спецыяльнасці набралі сваіх абітурыентаў”.
Таксама адзначаецца добра праведзеная ўступная кампанія ў ВНУ культуры і МНС, інфармуе БелаПАН.
У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце высокія конкурсы на ўсе спецыяльнасці будаўнічага і энергетычнага напрамкаў — там трэба мець болей за 230 балаў. Каб паступіць у Эканамічны ўніверсітэт, трэба набраць болей за 300 балаў, сярэдні бал у медыцынскія ВНУ вагаецца ад 250 да 300 і вышэй.
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на некаторыя педагагічныя спецыяльнасці конкурс склаў 2 чалавекі на месца.
Міністэрства адукацыі таксама нагадвае, што ад сёлета ў Беларусі вызначаны пералік з 22 педагагічных спецыяльнасцяў, на якія медалісты і пераможцы алімпіяд могуць паступаць без экзаменаў. Для паступлення ім патрэбныя толькі рэкамендацыі педсавету ўстановы адукацыі, якую яны скончылі. Без экзаменаў у БДПУ сёлета паступае 71 чалавек, з якіх 65 — медалісты.