Вучням не хапае падручнікаў: ніхто не чакаў, што закрыюцца прыватныя школы
Беларускія падручнікі / Еўрарадыё
Вучням, якія сёлета вымушаныя былі перавесціся з закрытых уладамі прыватных школаў у дзяржаўныя, не хапае падручнікаў. Пра гэта ў сацсетках і чатах пішуць іх бацькі.
Справа ў тым, што колькасць падручнікаў на наступны навучальны год вызначаецца ў жніўні. За аснову бярэцца колькасць вучняў у мінулым навучальным годзе, да іх дадаюцца новенькія. Але беларускія ўлады канчаткова вырашылі пытанне з прыватнай адукацыяй у кастрычніку, пасярод навучальнага года.
У дзяржаўных школах на папаўненне не разлічвалі. "Ніхто не чакаў, што закрыюцца прыватныя школы і будзе такі прыток дзетак", — цытуюць тлумачэнне ад класнага кіраўніка бацькі мінскага школьніка. І дадаюць, што свабодных падручнікаў няма, а калі яны з'явяцца — невядома.
Іншыя бацькі скардзяцца, што ў той час, як у іх дзіцяці няма падручнікаў па некаторых прадметах, настаўнікі пагражаюць дрэннымі адзнакамі за адсутнасць сшыткаў, якія яны не паспелі набыць.
Выйсце ў гэтай сітуацыі — спампаваць падручнікі ў электронным выглядзе і вучыцца па іх. Але ёсць нюанс. 17 кастрычніка быў падпісаны закон "Аб ліцэнзаванні", які закранае ў тым ліку школы і дзіцячыя садкі. Наяўнасць ва ўстанове адукацыі падручнікаў для ўсіх дзяцей — гэта адно з патрабаванняў, якое яна мусіць выканаць для атрымання ліцэнзіі.
Ці перашкодзіць дзяржаўнай школе атрымаць ліцэнзію тое, што ў ёй не хапае падручнікаў? Пытанне рытарычнае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.