Бацькі не спяшаюцца аддаваць дзяцей у дзяржшколы пасля закрыцця прыватных

"Патрыятычны клас" школы ў Старых Дарогах / school3.starye-dorogi.by
"Патрыятычны клас" школы ў Старых Дарогах / school3.starye-dorogi.by

Пасля выказвання Лукашэнкі пра неабходнасць зачысціць усё ў сістэме адукацыі ў Беларусі прымусова закрылі большасць прыватных школ. Дзеці, што вучыліся там, цяпер папросту вымушаныя пераходзіць у дзяржустановы, за якімі замацавана сям'я па прапісцы. Бацькі шукаюць пралазы і ламаюць галаву, куды лепш уладкаваць дзіця, каб яно не апусцілася ніжэй за ўзровень прыватнай адукацыі і не сутыкнулася з праблемамі, якія ёсць у дзяржшколах.

Пра гэта Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці расказалі Ірына і Таццяна (імёны змененыя), чые дзеці да нядаўняга часу хадзілі ў прыватныя школы.

— Добрых навін у нас няма. Наша школа ліквідуецца цалкам, і мы ў кожным разе вымушаныя забраць дакументы, — кажа Таццяна. — Вывучаем, ходзім, тэлефануем у дзяржаўныя школы. Пакуль што занялі пазіцыю чакання. Наш клас быў невялікі, таму шукаем варыянт, каб перайсці ўсім складам. Таму што і так вялікі стрэс, яны любімую настаўніцу губляюць. А калі яшчэ і трапляюць у клас, дзе 30 чалавек, іншы выкладчык і незнаёмыя дзеці, то гэта занадта вялікае выпрабаванне для младшакласніка.

З тых школ, у якія я хадзіла, у адной кажуць: ну, возьмем, але ў нас ужо больш чым па трыццаць чалавек у класе. У іншай школе 26 вучняў у класе, гатовыя ўзяць. Але самі кажуць, што клас слабы. "Мы вам не раім, таму што гэта не ваш узровень". У дзяржаўнай гімназіі дырэктар нават не стаў размаўляць. Кажуць, запісвайцеся на прыём.
 

"Вы да нас не хадзіце, мы вам усё роўна нічога не ўзгоднім"

Родители не спешат отдавать детей в госшколы после закрытия частных
Закрыты ўладамі філіял "Смарт Скул" / smart-s.info

Чым дырэктар прыватнай школы растлумачыў тое, што яна больш не будзе працаваць?

— Нават у самой школе не ведаюць, яны проста атрымалі прадпісанне, — працягвае Таццяна. — У іх і сертыфікат гатоўнасці быў, але прыйшлі, забралі акрэдытацыю і даслалі ліст прыпыніць дзейнасць. У школе кажуць: "Мы нават не ведаем, што нам ліквідаваць, бо не ведаем, якія да нас прэтэнзіі". Па чутках ад бацькоў, у адным філіяле школы, якую закрылі, знайшлі несертыфікаваны падаўжальнік. Дырэктар кажа, маўляў, давайце я яго проста зараз выкіну і забудзем. Але не.

Ведаю, што [адна з прыватных школ] будзе зноў рэгістраваць юрыдычную асобу і спрабаваць атрымаць ліцэнзію. Але ім не ўзгадняюць найменне ўстановы адукацыі. Пасля кожнай спробы пастаянна кажуць: "Такая назва ўжо ёсць". Калі прыйшлі ўжо проста з наборам літар, каб напэўна зарэгістравалі, тады ўжо адкрытым тэкстам сказалі: "Вы да нас не хадзіце, мы вам усё роўна нічога не ўзгоднім".

І не ўсё зразумела з законам аб ліцэнзаванні, калі яго прымуць і падпішуць. Ходзяць чуткі, што яго адмыслова пакладуць пад сукно і ён там будзе ляжаць паўгода.
 

"Можа стацца, што прыйдуць праз тыдзень і тупа адбяруць дзіця"

Родители не спешат отдавать детей в госшколы после закрытия частных
Першы званок у смалявіцкай школе / kraism.by

У бацькоўскіх чатах пішуць, што чыноўнікі ўжо ходзяць па дамах і спрабуюць прымусіць бацькоў аддаць дзіця менавіта ў дзяржшколу. Інакш пагражаюць пастаноўкай сям'і на ўлік па сацыяльна небяспечным становішчы. Такое магчыма?

— Вядома, такая імавернасць ёсць. Але яны не прыходзяць адразу, — адказвае Таццяна. — Спачатку павінны патэлефанаваць, спытаць, дзе вучыцца ваша дзіця. Вы можаце адказаць, што, маўляў, шукаем, выбіраем школу. Куды хочам — туды не бяруць, а па прапісцы ў нас тут школа трашчыць па швах. Трэба 300 вучняў, а там вучыцца 600, куды яшчэ?

Нейкі час ад усенавуча можна адмазвацца, дзесьці на працягу месяца можна лавіраваць. А потым яны ўжо могуць выпісаць прадпісанне. І на СНС проста так не ставяць. Праходзіць пасяджэнне камісіі, пачынаюцца праверкі. У тэорыі гэта няхуткі працэс. На практыцы ў нашай краіне магчыма ўсё. Можа стацца, што прыйдуць праз тыдзень, тупа адбяруць дзіця — і потым даказвай, што гэта незаконна.

Ёсць прыклад. Адной нашай знаёмай патэлефанавалі і проста ва ўльтыматыўнай форме сказалі: або дзіця прыходзіць у панядзелак у школу, нават хай сабе без дакументаў, толькі б прыйшло, або мы пачынаем працэдуру. А камусьці тэлефанавалі і размаўлялі цалкам адэкватна. Карацей, па-рознаму рэагуюць, у некаторых выпадках адміністрацыя нават спачувае.

Мяне з ўсенавуча пакуль што не турбавалі, таму не спяшаемся. Перавесці дзіця ў іншую школу нельга за выходныя. Па-першае, трэба яе знайсці. Каб была зручная лагістыка, каб хоць бы больш-менш быў камплект педскладу. Каб клас не быў перапоўнены.
 

У прыватнай было лепш, чым у дзяржаўнай

Родители не спешат отдавать детей в госшколы после закрытия частных
У дзяржшколе ёсць і "гадзіны духоўнасці", ад якіх не адкруцішся / eparhia.by

У Ірыніных дзяцей ёсць досвед вучобы ў дзяржшколе. Вялікага жадання вяртацца туды няма. Пытаемся: дзе лепшае стаўленне да дзяцей і ўзровень выкладання?

— Вядома ў прыватнай школе. Нават адзін той факт, што там дзяцей у тры разы менш, — упэўненая Ірына. — Зразумела, што пры такой колькасці там усім "разжоўваюць" індывідуальна і дзіця прыходзіць са школы з разуменнем таго, што яно праходзіла, якую тэму вучыла і гэтак далей. У дзяржшколе дзіця прыходзіла як чысты белы аркуш. Я садзілася з ім і ўсё зноўку, па новай. Тыя шэсць гадзін, якія яно там праводзіла, былі абсалютна бескарысным марнаваннем часу.

Па інфраструктуры ў прыватнай таксама ўсё было выдатна. Падабалася таксама, што былі гурткі па маляванні, па лепцы з гліны, музычныя гурткі. Дзіця з задавальненнем хадзіла на гурткі, звязаныя з навукай. На хіміі, напрыклад, яны рабілі доследы ўсякія. Карацей, заняткі, ад якіх у дзяцей вочы гараць. Камп'ютарнае абсталяванне было цалкам нармальнае. Будынак школы быў адрамантаваны. У кожнага была свая шафка для пераапранання. Не было нараканняў і па харчаванні.

А ў дзяржшколе мы скідаліся грашыма на новыя вокны, куплялі тэлевізар у клас ну і ўсё такое. Па сутнасці, цяпер не застаецца альтэрнатывы, толькі дзяржшкола. І варыянты там таксама дзіўныя. Дзесьці няма месцаў, дзесьці яшчэ нейкія праблемы. Усё складана.

Ірыніным дзецям давялося пабыць і на дыстанцыйным навучанні, якое, на думку беларускіх чыноўнікаў, не прадугледжана для школы.

Родители не спешат отдавать детей в госшколы после закрытия частных
Можна і дома паспяхова вучыцца / unsplash.com

— "Дыстанцыйка" вельмі задавальняла, — працягвае Ірына. — А наогул, усё індывідуальна. Я чула ад некаторых бацькоў, што іх дзецям не падабалася вучыцца аддалена, хацелася больш жывых зносін. Маё дзіця спакойна адвучылася на дыстанцыйцы і было гатовае вучыцца далей. Нам яшчэ і з настаўніцай вельмі пашанцавала, узровень выкладання быў добры. Мяне больш за ўсё цешыла, што няма неабходнасці дапамагаць дзіцяці з хатнім заданнем. Ім на ўроках усё тлумачылі, і асабіста я была задаволеная. Я бачыла, што ўзровень майго дзіцяці не ніжэйшы за ўзровень дзяцей з іншых школ, а ацэнкі адпавядаюць ведам.
 

Ёсць яшчэ варыянт, але рызыкоўны

Няўжо няма іншых альтэрнатыў дзяржаўнай школе?

— Мы ўчора з іншымі бацькамі раіліся, і многія разглядаюць наступны варыянт, — дзеліцца меркаваннямі Ірына. — На свой страх і рызыку афармляць, як быццам дзіця пражывае ў Расіі. Там яго замацаваць за якой-небудзь маскоўскай школай на дыстанцыйнае навучанне. Але пры гэтым па факце яно будзе жыць дома, у Беларусі.

Кагосьці з бацькоў гэта не задавальняе пасля падзей 24 лютага, не хочуць свяціцца ў расійскіх установах адукацыі. Плюс гэта рызыкоўна ў тым плане, што могуць прыйсці праверыць. Бо калі дзіця жыве ў Беларусі, то і вучыцца яно павінна тут.

На канец жніўня прыватных школ было 35 па ўсёй Беларусі. Цяпер пераважная большасць з іх закрытая і не можа весці дзейнасць. Чыноўнікі тлумачаць гэта тым, што нібыта трэба дачакацца закона аб ліцэнзаванні ўстаноў адукацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі