ВУП Беларусі знізіўся на 1,1%. Злотнікаў: Гэта тэндэнцыя
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені 2014 года знізіўся на 1,1% і склаў 49 трыльёнаў 851,7 мільярда рублёў.
Такія звесткі падае БелаПАН са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт. Дарэчы, гадавы прагноз росту ВУП складае 3,3%.
У каментары Еўрарадыё эканаміст Леанід Злотнікаў заявіў, што гэта пастаянная тэндэнцыя ў беларускай эканоміцы:
Злотнікаў: "Інвестыцыі па самых розных напрамках, у самыя розныя галіны не даюць аддачы, не даюць эфекту. Адкуль будзе рост ВУП? Рост ВУП будзе так сама, як звычайны рост на любой вытворчасці. Узялі крэдыты ці назапасілі грошы, абнавілі штосьці, уклалі ў штосьці — стала большая вытворчасць. Так і ВУП, у рэшце рэшт".
Эксперт нагадвае, што інвестыцыі, напрыклад, у дрэваапрацоўку і цэментную прамысловасць не далі аддачы. І гэта нават вядзе да страты канкурэнтаздольнасці нашых тавараў на вонкавых рынках. Да таго ж, Злотнікаў нагадвае, што ў Беларусі імпарт зараз большы за экспарт — і гэта таксама ўплывае на зніжэнне ВУП.
Па звестках Белстата, вытворчасць прамысловай прадукцыі ў студзені знізілася на 7,2% да 52 трлн. 228,6 млрд. рублёў. Запасы гатовай прадукцыі склалі 31 трыльён 843,2 мільярда рублёў, або 78,2% да сярэднямесячнага аб'ёму прамысловай вытворчасці (у студзені 2013 года — 67,9%).
Інфляцыя за студзень 2014 года склала 1,6%.
Фота — Белсат