Злотнікаў: Беларусь не пакрые імпарт ЕС у Расію, але можа ўзняць цэны
Для беларускіх экспарцёраў складваецца спрыяльная сітуацыя на расійскім рынку.
Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё паведаміў эканаміст Леанід Злотнікаў. Нагадаем, што сёння прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін забараніў або абмежаваў на год пастаўкі прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі з краін, якія ўвялі санкцыі супраць РФ.
Еўрарадыё пацікавілася ў эканаміста, ці зможа Беларусь пашырыць свой удзел на расійскім рынку. На думку Злотнікава, беларускія экспарцёры ў Расіі і так працуюць на мяжы сваіх магчымасцяў. Пры гэтым харчовы рынак у Расіі напалову складаецца з імпартных тавараў. І найбольшымі пастаўшчыкамі з'яўляюцца краіны Еўрасаюза і ЗША.
Злотнікаў: "Беларусь не можа замяніць Пастаўкі з ЕС — гэта відавочна. Дый сам Пуцін будзе баяцца стварыць сітуацыю недахопу харчавання і росту цэнаў на харчаванне, калі ён напраўду забароніць імпарт з ЕС і Штатаў".
На думку эксперта, Пуцін хутчэй за ўсё будзе забараняць імпарт з "асабліва непрыемных" краін, кшталту Польшчы.
А беларускія вытворцы нават калі не павялічаць аб'ём паставак, то змогуць узняць цэны на сваю прадукцыю.
Фота — finatica.by