Злотнікаў: За паўгода рэальны заробак беларусаў знізіўся на 9%
Тэндэнцыя да зніжэння заробкаў захаваецца і далей, лічыць эканаміст.
Заробак беларусаў зніжаецца ўжо два месяцы запар. У верасні сярэдняя зарплата скарацілася на 0,5% і склала, паводле звестак Белстата, 6 мільёнаў 335 тысяч рублёў. Па падліках эканаміста Леаніда Злотнікава, заробак беларусаў пачаў зніжацца яшчэ тры месяцы таму.
“Спачатку да сярэдзіны года заробак рос, а прыкладна з ліпеня намецілася яго зніжэнне. З сярэдзіны года заробак знізіўся прыкладна на 9%!” — шакуе падлікамі эканаміст.
Такому зніжэнню даходаў насельніцтва існуе некалькі тлумачэнняў, звязаных са станам эканомікі Расіі. дзе апошнія некалькі месяцаў адсутнічае рост і яна знаходзіцца на мяжы рэцэсіі. Таксама ўплывае зніжэнне канкурэнтназдольнасці беларускіх тавараў і экспарту беларускіх тавараў на (15%), перш за ўсё ў Расіі.
Злотнікаў: “Адбываюцца глыбінныя змены ў фінансавай сферы: калі раней насельніцтва назапашвала ў рублях, дык цяпер гэта тэндэнцыя спынілася. У той жа час павялічыўся попыт на валюту. Да таго ж, нізкі курс долара падтрымліваўся прытокам валюты ў краіну за кошт крэдытаў. А цяпер гэта спынілася. Да прыкладу, за апошнія месяцы скараціліся валютныя пасівы прыватных банкаў. Да таго ж за апошнія месяцы скарацілася колькасць прыбытковых прадпрыемстваў, стала больш стратных. Яны ўжо не могуць падтрымліваць такі ўзровень заробкаў, як паўгода таму. І вельмі высокая інфляцыя — і сёлета, і летась яна з’ядае даходы насельніцтва”.
Як заўважае эканаміст, у 2012-2013 годзе даходы насельніцтва павялічваліся несуразмерна росту ВУП: краіна больш спажывала, чым рабіла сама.
Злотнікаў: “Знізілася аддача ад інвестыцый. Дзяржава ўкладае грошы ў сельскую гаспадарку, прамысловасць, а аддачы няма. Да таго ж да 2014 года мы назапашвалі знешнюю пазыку, і ў дзяржавы цяпер няма магчымасцей падтрымліваць рост узроўню спажывання насельніцтва. Гэта цэлы клубок прычын”.
Па прагнозах Злотнікава, узровень заробкаў будзе падаць і далей. Часткова гэты працэс можа спыніць толькі далейшая прыватызацыя.