Эксперт: У беларускага ўрада праблемы з вяртаннем кітайскіх крэдытаў
25 жніўня кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка правёў адмысловую нараду, прысвечаную выніковасці атрыманых ад Кітая крэдытных ліній.
Ён нагадаў, што было атрымана 15-18 млрд долараў ды пацікавіўся, як асвойваюцца гэтыя сродкі, у якім памеры яны ўжо атрыманыя і якія праекты рэалізуюцца.
Эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што ўрад займеў праблему ў гэтым пытанні. Вось што ён сказаў у каментары Еўрарадыё:
“З вяртаннем крэдытаў праблемы. Бо інвестыцыі далі слабую аддачу. Альбо ўвогуле не далі. Вось, напрыклад, рэканструкцыя цэментных заводаў. Каля мільярда долараў туды пайшло. А аказалася, што яны гэтыя грошы не вяртаюць. А трэба ж яшчэ аддаць крэдыты, трэба мець прыбытак, каб аддаць працэнты. Ну і сабе трэба нешта пакінуць. Які ж сэнс тады было браць крэдыт?”.
На думку эксперта, з 15-18 мільярдаў долараў кітайскіх крэдытных рэсурсаў наша краіна выкарыстала каля 6-7 мільярдаў. Гэтыя грошы былі патрачаныя ў асноўным на мадэрнізацыю прамысловасці (у тым ліку і вытворчасці цэмента), пабудову новых і рэканструкцыю старых электрастанцый, а таксама будову дарог і транспартных развязак. З усёй гэтай гаспадаркі, на думку Злотнікава, прыбытак пачала прыносіць збольшага энергетычная галіна. Дывідэндаў ад іншых вынікаў “асваення” кітайскіх мільярдаў Беларусь не атрымала.
Цяпер крэдыты трэба вяртаць. Таму зразумела, чаму Аляксандр Лукашэнка чакае адказу на пытанне, як працуюць гэтыя прадпрыемствы.
Фота — Fotolia