“Вы зажраліся!”: Камунальнікі Першамайскага раёна сустрэліся з людзьмі

“Вы зажраліся!”: Камунальнікі Першамайскага раёна сустрэліся з людзьмі

Вечарам 18 лютага заходжу ў фае школы №115. Там мяне са словамі “Вы на сход?” сустракае хлопец. Праводзіць да актавай залы. Да пачатку сустрэчы яшчэ 10 хвілін, але перад дзвярыма гарачая дыскусія. Асабліва шчыруе важны мужык у чорнай куртцы. “Ды вы зажраліся. Нідзе ніхто не плаціць столькі, колькі ў нас плацяць за ваду, за цяпло, за электрычнасць. Трэба прывыкаць эканоміць!” — перакананы ён. Але з ім амаль ніхто не пагаджаецца. Калі заходзім у актавую залу, мужык у чорнай куртцы сядае за стол на галоўнае месца — гэта начальнік ЖЭУ №7 Басалыга Аляксандр Уладзіміравіч. Перад ім 35-40 чалавек, пераважна жанчыны за 40. Басалыга пачынае спакойна, але ўсё адразу ідзе не па плане:

— Мы тут сабраліся не як два бакі, быццам адзін з іх ворагі, а другі — вы. Вас пяць гадоў таму папярэджвалі — стварыце таварыства. Ніхто не варушыўся. А цяпер гарачы певень клюнуў.

— Вы што?! Адкуль у Беларусі права выбару? У нас дзяржаўнае ўсё, якое нафіг права выбару? Аб чым вы шэпчаце? Што вы людзям лухту гаворыце?!

Акрамя дырэктара ЖЭУ №7 пагаварыць з людзьмі пра новыя жыроўкі прыйшлі галоўны інжынер ЖКГ Першамайскага раёна Жакоўскі Сяргей Леанідавіч, кіраўнік участка добраўпарадкавання ЖЭУ №7 Марцінчык Канстанціна Канстанцінаўна, кіраўнік участка тэхабслугоўвання Баран Зоя Баляславаўна, галоўны інжынер ЖЭУ №7 Турцэвіч Алена Міхайлаўна і прадстаўнік разлікова-даведачнага цэнтра па налічэннях Арцюхоўскі Павел Генадзьевіч. Большасць з гэтых людзей маўчыць усю сустрэчу. Прамаўляць спрабуюць толькі Басалыга і Жакоўскі. Атрымліваецца не вельмі. “Задавайце пытанні па чарзе, каб не было балагану”, — паведамляе Басалыга. І пачынае расказваць пра планы рэфармавання сістэмы і выхаду на новы ўзровень аплаты камунальных паслугаў.

“Вы зажраліся!”: Камунальнікі Першамайскага раёна сустрэліся з людзьмі

Робіць гэта не зусім дыпламатычна, бо адразу закранае ці не самае неадназначнае пытанне — капітальны рамонт і прыборку пад’ездаў. Людзі ў зале пачынаюць крычаць і гучна смяяцца. Размова выглядае такім чынам:

— Чаму дзяржава павінная субсідзіраваць рамонт месцаў агульнага карыстання, калі гэта, калі браць па законе, вашая прыватная ўласнасць? Большасць кватэраў ужо прыватызаваная. А паводле Жыллёвага кодэкса да вашай прыватызаванай кватэры ідзе частка калідора, частка пад’езда.

— Няпраўда! Гэтага няма!

— Так напісана ў Жыллёвым кодэксе.

— На плоце можна што заўгодна напісаць!

— Жыхары, вы ж зразумейце, як можна жыць у прыватызаванай кватэры? Вы хочаце сказаць, што адна сцяна кватэры ваша, а другая — не?

— У нас зямля не ва ўласнасці. Таму ўся гэтая прыватызацыя — фількіна грамата. Давайце з гэтага пачынаць.

Людзі шумяць, Басалыга спрабуе расказваць, што “раней асноўны цяжар аплаты камунальных паслуг несла дзяржава. Цяпер гэта спыняецца і прынятае рашэнне, што цягам некалькіх гадоў усе жыхары пачнуць плаціць за паслугі 100% іх кошту”. — “Ясна. Нічога мы тут па Першамайскім раёне не дакажам”, — даносіцца з розных кутоў залы. Слова бярэ галоўны інжынер ЖКГ Першамайскага раёна Сяргей Жакоўскі. На сход ён прыйшоў у салідным гарнітуры, пад гальштукам. Праўда, на людзей глядзіць крыху разгублена і нават ашалела. Спакойна гаварыць яму дазваляюць секунд пятнаццаць:

— Мы сёння тут сабраліся, каб растлумачыць вам 535 Указ кіраўніка краіны, які ўступіў у сілу 31 снежня 2015 года. У гэтым Указе дзве асноўныя пазіцыі. Раздзяляецца дом і прыдомавая тэрыторыя. Прыдомавая абслугоўваецца за кошт бюджэту, а ўнутрыдомавая — за кошт жыхароў. Пакуль уборку вашых дамоў ажыццяўляе ЖРЭА №7, але ў найбліжэйшай будучыні будуць праведзеныя таргі, і магчыма, што мы яе некаму аддадзім. Будзе канкурэнцыя. Вашае права адмовіцца ад паслуг ЖЭСа, альбо іншай арганізацыі. Трэба, каб кожны дом правёў сход і адмовіўся ад гэтага.

— Дык у нас няма таварыства.

— Значыць, трэба выбраць. Трэба выбраць старэйшага па доме. І можаце прыбіраць дом самі, не аплачваць нашы паслугі.

“Вы зажраліся!”: Камунальнікі Першамайскага раёна сустрэліся з людзьмі

Далей галоўны інжынер расказвае пра асаблівасці аплаты электрычнасці і ліфтаў. Група жанчын, якія сядзяць за маёй спінай, яго чамусьці не слухае, а абмяркоўвае магчымасць падачы калектыўнай заявы ў Канстытуцыйны суд. Спрачаюцца, на каго менавіта трэба пісаць скаргу — на ЖЭС альбо на Адміністрацыю.

У нейкі момант галоўнага інжынера Жукоўскага беспардонна перабівае мужычок у камуфляжы і пацяганай шапцы:

— Скажыце, а калі будзе капрамонт?

— Я тут, каб патлумачыць вам 535 Указ. Калі хочаце пра капрамонт, то напішыце пытанне на паперцы.

— Не. Раз прышлі да нас, то гаварыце. Я ў запас з арміі сышоў пяць гадоў таму. Тады запытаўся, калі будзе — мне сказалі, што хутка. Потым — што ў 2012. Потым — што ў 2015. А ўжо 2016. Вось хацелася б ведаць, калі.

— Вам жа сказалі, мы тут абмяркоўваем Указ. Калі хочаце пра капрамонт спытаць, звяртайцеся пісьмова, вам адкажуць.

— Добра. Тады я задам пытанне па ўборцы. Вы у нашым пад’ездзе прыляпілі графік. Калі сухая ўборка, калі вільготная. Але ўборкі ніхто ніколі не рабіў. І трэба было кожны раз у ЖЭС хадзіць і пытацца. А я вам скажу, чаму так. Бо ўборка для ЖЭСа — гэта мёртвыя душы. Людзі, якіх не існуе, але якім налічваецца заробак. Скажыце мне, чаму мы плацілі і плацім за тое, чаго ніхто не робіць?

— Я зараз адкажу на ваша пытанне.

— Адкажыце. Я вось сам свой пад’езд прыбіраю.

— У ЖЭУ №7 на абслугоўванні знаходзіцца 161 дом… Па штаце ў нас 80 дворнікаў.

— Дык не бярыце плату за гэта!

Зала крычыць, галоўны інжынер Сяргей Жакоўскі знясілена сядае назад на крэсла. Размова людзей з чыноўнікамі аднаўляецца толькі хвілін праз пяць. Адна з жанчын спрабуе высветліць, ці можа яна сама прыбіраць свой дом і атрымліваць за гэта грошы непасрэдна ад жыхароў. Завяршаецца размова вельмі нечакана:

— Давайце так. Вось мы жыхары дома, чатыры пад’езды ў нас. І мы, іх жыхары, выбіраем чалавека, які ўсё прыбірае. І плацім яму. Як вы на гэта адкажаце?

— Пачакайце, вы хочаце ўзяць свайго чалавека на ўборку дома?

— Вось я магу быць такім чалавекам.

— Ну… Вы можаце афіцыйна ўладкавацца ў ЖЭУ №7 і прыбіраць.

— Нафіг мне трэба! Я ў вас працавала. Нагледзелася вось так там. Судзілася з начальнікам потым, адсудзіла 5 мільёнаў. У вас там бардак і срач!

На гэтым дыялог уладаў з народам завяршаецца. Людзі ўстаюць з месцаў, абступаюць чыноўнікаў колам і спрабуюць вырашыць свае пытанні ў прыватным парадку. Альбо хаця б даведацца, аб чым і куды яны павінныя напісаць. Жанчыны за маёй спінай вырашаюць усё ж напісаць у Адміністрацыю. Яны перакананыя, што там “павінныя разабрацца”. Тое, што Указ №535 прыдумалі менавіта ў Адміністрацыі кіраўніка краіны, іх не спыняе.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі