Вярхоўны суд скасаваў адно папярэджанне TUT.by, якое вынесла Мініфармацыі

Вярхоўны суд скасаваў адно папярэджанне TUT.by, якое вынесла Мініфармацыі

Вярхоўны суд 12 лістапада прызнаў несапраўдным адно з папярэджанняў, якое Міністэрства інфармацыі вынесла на адрас TUT.by. Кампанія абскарджвала чатыры папярэджанні.

Ад 7 жніўня TUT.by атрымаў чатыры папярэджанні ад Мінінфармацыі. У выніку ў верасні ведамства падало пазоў аб пазбаўленні TUT.by статусу СМІ і прыпыніла гэты статус на тры месяцы — да 30 снежня 2020 года.

Папярэджанні  былі дадзеныя за матэрыялы "У сем разоў больш выбаршчыкаў і “таемныя" пратаколы. Якія парушэнні ўбачылі назіральнікі і што сказаў ЦВК?", "Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах", "Да рэдактара TUT.BY прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках" і "Беларуская мытня папрасіла пацвердзіць, што ў “Гары Потэра" няма заклікаў да зрынання ўлады". TUT.by аспрэчваў ўсе папярэджанні акрамя першага. 

Інтарэсы TUT.by абаранялі гендырэктар ТАА "ТУТ БАЙ медыя" Людміла Чэкіна і адвакат Сяргей Зікрацкі. Інтарэсы Мінінфармацыі прадстаўляла адвакатка Таццяна Шпілеўская.

Аўтары ўсіх матэрыялаў на судзе казалі, што памылкі, дапушчаныя ў тэкстах былі аператыўна выпраўленыя. Журналісцкія матэрыялы на сайце правіліся і дапаўняліся ў анлайн-рэжыме — па меры атрымання новай інфармацыі. 

Памылкі ў матэрыяле "Да рэдактара TUT.BY прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках" журналісты патлумачылі тым, што не змаглі атрымаць адпаведныя каментары ні ў Следчым камітэце, ні ў Генпракуратуры. Пра гэта згадвалася і ў самой навіне. 

Адвакат Сяргей Зікрацкі ў судзе адзначыў, што Міністэрства інфармацыі мае права выносіць папярэджанне СМІ, але з матэрыяльнага пункту гледжання дзеянні ведамства неабгрунтаваныя. Мінінфарм заявіў, быццам у матэрыялах TUT.by распаўсюджвалася недакладная інфармацыя, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам. Зікрацкі падкрэсліў, што ўсе згаданыя публікацыі аператыўна абнаўляліся з улікам пазіцыі дзяржорганаў. 

Дарэчы, ніводзін з дзяржорганаў, якія звярнуліся ў Мінінфарм, не скантактаваўся з рэдакцыяй TUT.by, каб аператыўна выправіць недакладнасці. Пра гэта ў сваім выступе казала гендырэктар "ТУТ БАЙ медыя" Людміла Чэкіна. 

Адвакатка Таццяна Шпілеўская, якая абараняла інтарэсы Мінінфарма, заявіла, што папярэджанні вынесеныя законна і абгрунтавана. Яна лічыць, што публікацыі з памылкамі парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян — права на дакладную інфармацыю пра дзейнасць дзяржаўных органаў, а таксама могуць прычыніць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. 

У судовых спрэчках Людміла Чэкіна звярнула ўвагу, што на сайце TUT.by штодня выходзяць некалькі тысяч матэрыялаў, а Мінінфарм выявіў толькі тры памылкі. Прычым усе яны былі аператыўна выпраўленыя. Чэкіна зазначыла, што выправіць іх хутчэй ці ўвогуле не дапусціць можна было б, каб прэс-службы дзяржорганаў аператыўна давалі каментары. 

У выніку суд скасаваў адно папярэджанне Мінінфарма — ад 9 верасня (артыкул пра дачку рэдактара галіны Уласік). Акрамя таго суд пастанавіў спагнаць з Мінінфарма на адрас "ТУТ БАЙ медыя" 1350 рублёў, а з "ТУТ БАЙ медыя" — 300 рублёў за аказанне юрыдычных паслуг адваката Мінінфарма.

Астатнія папярэджанні застаюцца дзейснымі. Для ліквідацыі СМІ дастаткова двух папярэджанняў ад Мінінфарма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі