Выбаршчыка, які прагаласуе двойчы, аштрафуюць на 700 тысяч

Цэнтрвыбаркам Беларусі пакуль не вырашыў, як зрабіць, каб выбаршчык не здолеў прагаласаваць двойчы — па месцы жыхарства і месцы часовай рэгістрацыі. Але за такое парушэнне ў адміністрацыйным кодэксе прадугледжаны штраф да 20 базавых велічыняў З гэтага года прапіска ў Беларусі была скасаваная. Кожны жадаючы цяпер можа атрымаць часовую рэгістрацыю ў любым населеным пункце, захаваўшы пры гэтым рэгістрацыю па асноўным месцы жыхарства.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, як гэта можа паўплываць на працу выбарчых камісій падчас сёлетніх парламенцкіх выбараў. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына адзначае, што кардынальных зменаў сёлета не будзе.

Лідзія Ярмошына: “Мы пакуль не гатовыя казаць пра кардынальныя змены. Пакуль мы нашыя метадычныя тлумачэнні і ўказанні складаем так, як гэта было ў ранейшыя часы. Тым не менш, адмова ад інстытуту прапіскі і пераход да інстытуту рэгістрацыі пэўную насцярожанасць у нас выклікае”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адзначыў у інтэрв’ю Еўрарадыё, што галасаваць, верагодна, давядзецца па месцы часовай рэгістрацыі. Калі ўсё ж такі нехта вырашыць прагаласаваць дома, то адтуль зробяць запыт у ЦВК, а там правераць, ці не галасаваў ён раней.

Тым не менш, Лазавік дапускае, што адзін і той жа выбаршчык гіпатэтычна зможа двойчы прагаласаваць: па месцы асноўнай і часовай рэгістрацыі, хоць у яго практыцы такога не сустракалася. Разам з тым Лазавік перасцерагае, што за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Мікалай Лазавік: “Грамадзянін у адным месцы прагаласаваў, а затым паехаў і прагаласаваў у іншым. У гэтым выпадку Адміністрацыйным кодэксам прадугледжана адказнасць за “іншыя парушэнні выбарчага заканадаўства”. За гэта прадугледжаны штраф да 20 базавых велічыняў”.

Пры гэтым Мікалай Лазавік дадаў, што факты, калі выбаршчык прагаласаваў двойчы, могуць застацца незаўважанымі.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі