Выхавацелям у дзіцячых садках таксама забаранілі карыстацца мабільнікамі
Выхавацелям дзіцячых садкоў забаранілі на працы карыстацца мабільнымі тэлефонамі, піша "Наша ніва".
Пра гэта выданне даведалася ад чытача, які дарэмна спрабаваў датэлефанавацца да сваячкі, якая працуе ў садку №3 у Смалявічах.
Загадчыца садка Ларыса Ціток патлумачыла забарону патрабаваннем Мінадукацыі.
"Выхаваўчы працэс — гэта, натуральна, заняткі з дзецьмі. Ніхто не адбірае мабільнікі, яны пры выхавацелях. Проста лічыцца непажаданым размаўляць, сядзець у дадатках", — кажа жанчына.
Яна дадае, што вельмі строга за выкананнем забароны ніхто не сочыць: "Вы ж разумееце, што калі нешта здарылася ў чалавека, то ён і патэлефануе, і адкажа".
Раней паведамлялася, што мабільныя тэлефоны пачалі забіраць у школьнікаў падчас заняткаў. Гэта пачалося пасля таго, як у Гомелі вучні знялі на тэлефон настаўніцу, якая лаялася матам на чацвертакласніка, трымаючы над яго галавой парту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.