Выходныя будуць спякотнымі: паглядзіце, у якіх вадаёмах лепш не купацца
Галоўным чынам санітарна-эпідэміялагічнай службы не задаволеныя магілёўскімі вадаёмамі / pixabay
Шэсць пляжаў і вадаёмаў у Беларусі спецыялісты прызналі непрыдатнымі для купання. Паглядзіце на спіс, каб пераканацца, што вашага ўлюблёнага пляжа сярод іх няма.
Спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы прапанавалі мясцовым уладам забараніць купанне і водныя віды спорту на шасці зонах рэкрэацыі:
зоны купання №№ 1, 2 зоны адпачынку “Возера Юбілейнае” у Горадні;
пляж Пячэрскага вадасховішча ў Магілёве;
пляж Грабянёўскага вадасховішча ў Магілёве;
вадаём вёсцы Вільчыцы Магілёўскага раёна;
гарадское возера горада Клімавічы Магілёўскай вобласці.
Усяго спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы за тыдзень абследавалі 342 зоны рэкрэацыі і вывучылі больш за 800 проб вады — і працягваюць інспекцыю пляжаў і вадаёмаў.
Тым часам, надвор'е ў гэтыя выходныя будзе спякотным, так што спіс вадаёмаў, у якіх дазволена купацца, вам дакладна спатрэбіцца. Тэмпература паветра ўдзень у суботу падымецца да +20..+26°С. А ў нядзелю будзе яшчэ цяплей — слупок тэрмометра ў некаторых рэгіёнах Беларусі падымецца да +26..+32°С, месцамі па Брэсцкай вобласці да +34°С.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.