Выказваем заклапочанасць: сацсетку Трампа ўзламалі, а мяжа з Украінай адкрытая

Галоўныя і проста цікавыя міжнародныя навіны / калаж Еўрарадыё​
Галоўныя і проста цікавыя міжнародныя навіны / калаж Еўрарадыё​

Пакуль у ЗША хакер ламае сацсетку прыхільнікаў экс-прэзідэнта Дональда Трампа, ва Украіне патрабуюць fact-checking слоў Аляксандра Лукашэнкі. Чаму ў Рыме свята, а Масква паверыла ў слёзы — у вельмі кароткім аглядзе міжнародных навін на Еўрарадыё. 

 

Добрая навіна з Рыма: Папа Францішак паспяхова перанёс планавую аперацыю

У нядзелю ўвечары Папа Францішак паспяхова перанёс планавую аперацыю на тоўстай кішцы. Яе правялі спецыялісты шпіталя "Агостын Джэмелі" ў Рыме. Паводле афіцыйных звестак, кіраўнік Каталіцкага касцёла застанецца пад наглядам медыкаў як мінімум яшчэ на пяць дзён. 

 

Узламаў сацсетку Трампа, "каб пазабаўляцца"

Сацсетку GETTR, створаную прыхільнікамі былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, узламалі хакеры. 4 ліпеня, у дзень афіцыйнага запуску, яна налічвала больш за паўмільёна зарэгістраваных карыстальнікаў.

Скампраметаваныя акаўнты вядомых падпісчыкаў сацсеткі, у тым ліку яе заснавальніка і былога дарадцы Трампа Джэйсана Мілера.

Хакер размясціў у профілі надпіс: "@JubaBaghdad быў тут :) ^^ вызваліце Палесціну ^^". Большасць узламаных уліковых запісаў была прыведзена ў парадак на працягу паўтары гадзін.

Пазней хакер расказаў, што ўзламаў GETTR, каб пазабаўляцца, і зрабіць гэта было вельмі проста.

Царква Грузіі просіць не ўжываць гвалту да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці

1 ліпеня ў Тбілісі пачаўся "Тыдзень годнасці", у час якога прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці праводзяць розныя мерапрыемствы і расказваюць пра свае правы.

Аднак выніковы "Марш годнасці", які павінен быў адбыцца ў панядзелак увечары, арганізатары скасавалі. Патрыярхія Грузіі заклікала праціўнікаў запланаванага маршу не ўжываць гвалту і выказваць сваё меркаванне мірна.

На працягу дня радыкалы неаднаразова закідвалі журналістаў і аператараў апазіцыйных СМІ палкамі і бутэлькамі.

Некаторыя жыхары горада перакананыя, што арганізатарамі акцыі ёсць "прарасійскія сілы".

 

Украіна патрабуе fact-checking слоў Лукашэнкі

У канцы мінулага тыдня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што даручыў памежным войскам цалкам перакрыць мяжу з Украінай. Паводле яго слоў, з боку суседзяў у Беларусь паступае "велізарная колькасць зброі". У адказ украінская Дзяржпагранслужба заявіла, што за апошнія паўгода колькасць затрыманай на мяжы зброі скарацілася з абодвух бакоў.

5 ліпеня міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба паведаміў, што мяжа з Беларуссю адкрытая, а словы Лукашэнкі патрабуюць пільнай праверкі.

"Аляксандр Лукашэнка — гэта чалавек, па якім трэба рабіць пільныя fact-checking. І запэўніваю вас, што яго заява пра кантрабанду зброі з Украіны ў Беларусь не пройдзе ні адзін fact-checking, таму што гэта не адпавядае рэчаіснасці. Як і яго заявы пра тое, што мяжа закрылася. Па маёй інфармацыі, па стане на цяпер мяжа працуе", — сказаў Кулеба.

Масква слязам верыць: памёр Уладзімір Мяньшоў

Ад наступстваў каранавіруса на 82-м годзе жыцця памёр савецкі і расійскі актор Уладзімір Мяньшоў.

"Мы страцілі нашага дарагога сябра, <...> які аддаваў роднай кінастудыі ўсе свае творчыя сілы і яркі талент, па-сапраўднаму народнага рэжысёра, выдатныя фільмы якога ведаюць і любяць мільёны людзей", — напісана ў тэксце спачування на сайце Масфільма.

Пра тое, што Мяньшоў заразіўся, стала вядома 26 чэрвеня. Тады ўдакладнялася, што хвароба праходзіць у лёгкай форме.

У 1981 годзе фільм Уладзіміра Мяньшова "Масква слязам не верыць" быў уганараваны прэміі "Оскар" Амерыканскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук як найлепшы фільм на замежнай мове. Пра ўзнагароду майстар даведаўся выпадкова ад калег.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі