Выкладчык Буда-Кашалёўскага каледжа пісаў сваім студэнтам курсавыя
І ставіў за іх добрыя адзнакі. Часам “аўтаматам”.
Цэлых два з паловай гады студэнты Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа маглі не турбавацца пра курсавыя па прадмеце “Тэхнічнае абслугоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі”. Выкладчык гэтай дысцыпліны сам пісаў працы за сваіх навучэнцаў і выстаўляў за іх станоўчыя адзнакі, часам увогуле без ніякай праверкі ведаў. Праўда, за такую паслугу трэба было заплаціць. Звычайна, “тарыф” на курсавую складаў 50 долараў у эквіваленце, але ў пэўных выпадках выкладчык прымаў у падарунак каністры з бензінам і дызпалівам.
Аднак праваахоўнікі расцанілі дзейнасць выкладчыка як карупцыю і завялі на яго крымінальную справу за хабарніцтва. Следства выявіла 21 эпізод гэтай справы. На маёмасць абвінавачанага наклалі арышт на суму болей за 300 мільёнаў рублёў. Забраны таксама яго асабісты аўтамабіль.
Выявілася, што пра такія “адукацыйныя паслугі” ведалі ўсе апытаныя следчымі навучэнцы каледжа, то бок, кожны мог заплаціць выкладчыку за ўдала здадзеную курсавую, паведамляе прэс-служба Гомельскага ўпраўлення Следчага камітэта.
Справа выкладчыка-хабарніка накіраваная ў суд.