Выкладчык мінскага каледжа браў у навучэнцаў хабар за адзнакі
Выкладчык спецыяльных дысцыплін аднаго з мінскіх каледжаў браў у навучэнцаў хабар за адзнакі. Праваахоўнікі высветлілі, што гэта працягвалася паўтары гады. 27-гадовы мужчына вымагаў у навучэнцаў грошы за выстаўленне станоўчых адзнак пры здачы экзаменаў і за лабараторна-практычныя заняткі, інфармуе прэс-служба Следчага камітэта.
Падчас следства стала вядома, што больш за дзясятак навучэнцаў рэгулярна перадавалі абвінавачанаму і беларускія рублі, і валюту — ад 150 тысяч рублёў да 100 долараў. Сума залежыла ад складанасці матэрыяла, які выкладаўся, наведвальнасці заняткаў і колькасці ацэначных балаў.
Выкладчыка затрымалі ў чэрвені падчас атрымання хабару ад групы навучэнцаў — больш за 3 млн 800 тысяч рублёў. Мужчына знаходзіцца пад вартай, яго маёмасць арыштаваная. Крымінальную справу (яна распачатая па артыкуле "атрыманне хабару паўторна шляхам вымагальніцтва") ўжо перадалі пракурору для накіравання ў суд.
Фота: Fotolia і sk.gov.by