Вываз смецця ў Мінску падаражэў на 20%
Дарэчы, гэта адзіная камунальная паслуга, якую насельніцтва аплочвае на 100%.
Тарыфы на вываз і абясшкоджванне смецця павялічыліся як для насельніцтва, так і для юрыдычных асоб.
Адпаведнае рашэнне Мінгарвыканкама №3037 ад 28 лістапада 2013 года апублікавана на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, паведамляе БЕЛТА.
Паводле дакумента, тарыф на вываз 1 кубаметра цвёрдых камунальных адкідаў для насельніцтва і юрасоб, якія абслугоўваюць жылфонд, падаражэў з 24,6 тысячы рублёў да 29,7 тысячы рублёў.
Тарыф на абясшкоджванне 1 кубаметра цвёрдых камунальных адкідаў для насельніцтва і юрасоб, якія абслугоўваюць жылфонд, павялічыўся з 7,6 тыс.рублёў да 9,3 тыс.рублёў. Тарыф для іншых юрасоб не змяніўся і застаўся на ўзроўні 14 820 рублёў за 1 кубаметр.
Ад 40 950 да 61 430 рублёў павялічыўся тарыф для юрыдычных і фізічных асоб (у тым ліку ІП) на вываз кубаметра вадкіх камунальных адыходаў.
Фота — jurvis.by