Выязджаю на ПМЖ з Беларусі, мяне выпусцяць? Без панікі — тлумачым, што змянілася

Дзяржава патрабуе, каб грамадзяне "выпісваліся" з Беларусі, калі з'язджаюць на ПМЖ

Дзяржава патрабуе, каб грамадзяне "выпісваліся" з Беларусі, калі з'язджаюць на ПМЖ / Еўрарадыё

Што ўвогуле адбылося?

У Беларусі з 24 лістапада набыло моц Палажэнне “Аб афармленні грамадзянам выезду для пастаяннага пражывання”. Там прапісана, што грамадзяне Беларусі мусяць рабіць, выязджаючы за мяжу на пастаяннае месца жыхарства. А менавіта — паведаміць дзяржорганам пра свой намер з’ехаць і запоўніць адпаведную заяву.

І гэтае новаўвядзенне многіх усхвалявала. Бо ўсё выглядае так, што дзяржава яшчэ больш умешваецца ў прыватнае жыццё грамадзян і хоча кантраляваць перамяшчэнні. Хоць фактычна нічога не змянілася. Такая працэдура існавала і раней.

Як патлумачыў Office Life начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, адзінае, што змянілася — штамп у пашпарце. Раней на ім ставілі краіну, у якую сабраўся выязджаць беларус.

Але гэта перашкаджала людзям, якія з нейкіх прычын мянялі планы і вырашалі пераехаць у іншую краіну. Цяпер штамп універсальны, ён абазначае толькі тое, што грамадзянін “зняўся” з рэгістрацыі ў Беларусі і з гэтага моманту мусіць стаяць на грамадзянскім уліку ў іншай краіне.

Як выглядае працэдура?

Грамадзянін, які збіраецца выехаць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, мусіць асабіста звярнуцца ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі з заявай. Да яе прыкладаецца спіс дакументаў: звычайны, біяметрычны пашпарт або ID-карта, фатаграфіі на дакументы, пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, дакументы на дзяцей.

Супрацоўнік прымае дакументы і фармуе справу грамадзяніна.

Далей звесткі заяўніка правяраюцца ў розных ведамствах. Гэта можа заняць каля 23 дзён. Сярод іншага, чалавека “праб’юць” па базе правапарушальнікаў, спраўдзяць, ці сплаціў ён падаткі, ці закрыў ІП, ці не маюць да яго пытанняў у ваенкамаце. Каб прыспешыць працэс, грамадзянін, які звольнены ў запас, можа самастойна ўзяць даведку ў ваенкамаце са згодай на выезд.

У АГіМ могуць і адмовіць. Для гэтага могуць быць такія прычыны:

  • у чалавека ёсць абмежаванні на выезд за мяжу;
  • ёсць нявыкананыя абавязанні: нявыплачаныя падаткі, штрафы, аліменты і гэтак далей;
  • пададзеныя несапраўдныя звесткі або дакументы;
  • калі чалавек збіраецца выехаць і пакінуць у Беларусі непаўналетняе дзіця без законнага прадстаўніка або калі афармляюць выезд непаўналетняму без законнага прадстаўніка.

А калі ўжо выехаў, што рабіць?

Усё тое самае, толькі ў беларускай амбасадзе. Пасля праверкі звестак і прыняцця рашэння амбасада самастойна накіруе ў АГіМ інфармацыю пра тое, што грамадзяніна трэба зняць з уліку, бо ён пастаянна жыве ў іншай дзяржаве. Што праўда, з улікам тэрмнаў разгляду справы ёсць асаблівае патрабаванне да пашпарта грамадзяніна. Калі чалавек ужо атрымаў ПМЖ у іншай краіне, яго пашпарт мусіць дзейнічаць яшчэ як мінімум год.

А калі я яшчэ не ведаю, еду на ПМЖ ці не?

Такую сітуацыю дзяржава таксама прадугледзела. Згодна з новаўвядзеннем гэтага года, грамадзяне Беларусі павінныя паведамляць у дзяржорганы пра дакументы, якія яны атрымалі за мяжой. Такім чынам, рана ці позна ўсё адно трэба будзе атрымліваць часовы дазвол на жыхарства або іншыя дакументы, якія легалізуюць у чужой краіне — і пра іх трэба падаць звесткі ў Беларусь.

МУС яшчэ толькі гаворыць, што распрацуе сістэму пакаранняў за непаведамленне пра замежныя дакументы. Але на гэты момант патрабаванне ёсць, але адказнасці за яго невыкананне няма.

Дык а навошта “выпісвацца” з Беларусі?

Адказу на гэтае няма. Магчыма, для какосьці педантычнага, хто хоча завяршыць усе справы ў Беларусі і пачаць жыццё ў іншай краіне з чыстага ліста, гэта важна. Да таго ж гэта не незваротны працэс.

Калі грамадзянін выехаў на ПМЖ, нейкі час пажыў за мяжой і вырашыў вярнуцца, ён можа нанова зарэгістравацца ў Беларусі. Але ніякіх сур’ёзных наступстваў ігнараванне гэтай працэдуры не нясе. Прынамсі, пакуль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі