Калі чакаць і хто прызнае? Адказы на важныя пытанні пра пашпарт Новай Беларусі

Пашпарт Новай Беларусі яшчэ не гатовы, але пытанняў у беларусаў ён выклікае процьму / калаж Улада Рубанава 

Пашпарт Новай Беларусі яшчэ не гатовы, але пытанняў у беларусаў ён выклікае процьму / калаж Улада Рубанава 

Пашпарт Новай Беларусі яшчэ не гатовы, але пытанняў у беларусаў ён выклікае процьму. Адказы на іх у эфіры Еўрарадыё агучыў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі. 

Якія краіны гэты пашпарт прызнаюць?

Мы не можам цяпер казаць, калі адбудзецца прызнанне пашпарта. Але мы шчыра і адкрыта кажам, што гэты працэс можа зацягнуцца і не адбыцца вельмі хутка, як бы нам усім хацелася. Мы пачынаем гэтую справу, мы разумеем, што яна высокарызыкоўная, што ёсць шмат чыннікаў, якія могуць дапамагчы, і яшчэ больш — якія могуць перашкодзіць. Але мы ведаем, што гэта тая справа, якую прасілі беларусы.

Хто дасць код сваёй краіны для новага пашпарта?

Я пакуль не магу называць краіны, але ў нас сапраўды ёсць запэўненні, дадзеныя на высокім узроўні, што гэтым кодам могуць падзяліцца, каб мы карысталіся ім у нашым дакуменце. Калі прыйдзе час і будзе прынятае рашэнне, мы зможам пра гэта расказаць.

Але падкрэслю, што ёсць і другі варыянт вырашэння гэтай праблемы: мы проста ствараем свой код. Так, ён не прапісаны ў ICAO ці ААН, але калі краіны прызнаюць дакумент і будуць гатовыя яго прымаць падчас перасячэння мяжы, то гэтага дастаткова для таго, каб з дакументам можна было падарожнічаць.

І насамрэч эксперты ў Еўрапейскай камісіі не даюць адназначнага адказу, які з двух варыянтаў быў бы для нас больш пажаданым. Іх рэкамендацыя такая: можна выбраць ці першы, ці другі варыянт. Таму ва ўласнага кода таксама ёсць неблагая перспектыва.    

Найперш нам трэба зрабіць фізічныя ўзоры гэтых дакументаў. На вялікі жаль, гэта вельмі дарагі працэс. Але праблема амаль вырашаная. Пазней трэба будзе замаўляць неабходны матэрыял для вырабу гэтых узораў. Пасля таго, як яны будуць у нас на руках, мы зможам даслаць іх у Еўрапейскую камісію, якая, у сваю чаргу, прапануе сябрам-краінам ЕС разгледзець пытанне аб прызнанні гэтага дакумента. 

Калі чакаць і хто прызнае? Адказы на важныя пытанні пра пашпарт Новай Беларусі
Пашпарт Новай Беларусі / Аб'яднаны пераходны кабінет

І ў той самы час, калі будуць запоўненыя ўзоры, там будзе выдадзены гэты код. То бок, з’явіцца рашэнне, як будзе выглядаць старонка са звесткамі — самая галоўная ў дакуменце. Але я думаю, што нават да таго моманту — накіравання ў камісію — мы ўжо прадэманструем дакумент.

Калі чакаць пашпарт?

Найхутчэй гэта будзе пачатак наступнага года. Я гляджу па тым, як складваюцца працэсы — пошук сродкаў для замовы матэрыялаў. Яны пакуль даведзеныя не да канца, але мы будзем іх прыспешваць. Разам з тым для нас важна арганізаваць юрыдычную асобу. Фактычна гэта прадпрыемства, якое будзе займацца выключна тэматыкай беларускага пашпарта.  

Дзе можна будзе атрымаць пашпарт?

Ёсць ідэя арганізаваць уласныя пашпартныя цэнтры. Думаю, перадусім мы будзем казаць пра Польшчу і пра Літву: каб людзі маглі падавацца на дакумент там, дзе іх пражывае найбольш.

Ёсць таксама ідэя арганізаваць мабільныя выезды, калі, напрыклад, у Грузію выязджае чалавек з мабільнай станцыяй і здымае там неабходныя параметры ў людзей, а пасля гатовыя дакументы высылаюцца людзям.

Ёсць таксама ідэя скарыстацца дапамогай прафесійных службаў, у тым ліку міграцыйных: калі ў іх ёсць пустыя месцы, мы можам проста аддаваць гэта на падрад.  

Ці будзе верыфікацыя атрымальнікаў?

Вядома, будуць спробы [рэжыму Лукашэнкі. — Еўрарадыё] нейкім чынам падабрацца да гэтага дакумента. Вельмі важна падтрымліваць высокі ўзровень даверу, бо гэта вызначыць і поспех справы.

Многія з тых беларусаў, якія ўжо выехалі за мяжу, такім ці іншым чынам вырашылі сваю праблему — легалізаваліся і атрымалі нейкія дакументы. Але калі мы хочам, каб наш дакумент пашыраўся, будзе крытычна важна падтрымліваць узровень даверу да яго.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі