Выйшаў фільм пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
Кадр з дакументальнага фільма "Лес"
Выйшаў дакументальны фільм "Лес" пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. У стужцы расказваецца некалькі рэальных гісторый 1930-х гадоў. Адна з іх — пра гомельскага чыноўніка, які перажыў расстрэл у Навабеліцкім лесе пад Гомелем. Ён выжыў і здолеў непрыкметна выбрацца з ямы.
Паводле звестак археалагічных раскопак, якія ладзіліся ў сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя, у гэтым лесе супрацоўнікі НКУС расстрэльвалі савецкіх грамадзянаў. Але ў 2021 годзе раскопкі ў гэтым лесе правёў 52-і пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі, і была сфармуляваная новая версія: у лесе знаходзяцца астанкі ахвяраў нацыстаў. Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што ў лесе могуць быць астанкі да ста тысяч мірных жыхароў.
У дакументальным фільме выкарыстаныя архіўныя відэа і аўдыё — відавочцы расказваюць пра падзеі 1930-х гадоў. У пастановачных эпізодах, якія аднаўляюць карціну падзей, зняліся акцёры са старой зорнай трупы тэатра імя Янкі Купалы Алег Гарбуз і Святлана Зелянкоўская. Рэжысёркай праекта зрабілася Марыя Булавінская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.