"Я б назваў гэта мордай". Гомельская раёнка абвясціла вайну рэперу Face
Face. Фота: uznayvse.ru
Гомельская газета "Савецкі раён" абвясціла вайну расійскаму рэперу Face. Журналіст Аляксандр Яўсеенка не пакінуў ад Івана Дроміна камяня на камяні. Музпарнуха, быдла на эстрадзе, морда, пыса, мурло, брыдота, якая "нібы іржа, раз'ядае неакрэплую свядомасць". Ды Фэйс на рэп-батле такога не наслухаўся б!
Тэкст апублікаваны ў блоге журналіста на сайце раёнкі. Па сумяшчальніцтве гэта і афіцыйны сайт адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля.
"Цяпер у моладзі вялікай папулярнасцю карыстаецца расійскі спявак, чый сцэнічны псеўданім з англійскай можна перакласці як "твар". Хаця пасля вымушанага знаёмства з яго творчасцю я б назваў гэта мордай, а лепш пысай, — піша Аляксандр Яўсеенка. — Бо толькі сапраўдная пыса можа вывяргаць з сябе тую колькасць адборных мацюкоў, якой пазайздросціў бы самы прасолены боцман з рыбалоўнага сейнера. Нармальны чалавек, да якіх хай некалькі саманадзейна адношу і сябе, ледзь даткнуўшыся да "творчасці" гэтага спевака, тут жа адчувае непераадольнае жаданне пайсці і добранька вымыцца.
Розум проста адмаўляецца ўспрымаць тыя сэксуальныя фантазіі, якія апявае ў сваіх тварэннях гэты ханыга ад эстрады.
Пахабнае сцвярджэнне "ВІА Гры" пра тое, што "чым вышэй каханне, тым ніжэй пацалункі" на фоне песень азначанага мурла здаецца верхам прыгожага пісьменства і ўзорам цнатлівасці".
Раунд!
У кастрычніку 2017 года Face павінен быў выступіць у Мінску. Арганізатары канцэрта аформілі ўсе неабходныя дазволы. Намячалася поўная зала. Але ў дзень мерапрыемства ў справу ўмяшалася пракуратура. Спачатку арганізатары атрымалі папярэджанне, а праз некалькі гадзін выступ Фэйса наогул забаранілі.
"Хтосьці скажа: ну і што? Не люба — не слухай. Дык я і не слухаю. Слухаюць, прычым у абсалютна свабодным доступе (хто не верыць, хай набярэ ў пашукавіку імя і пераканаецца), тыя, каму сёння ледзь пераваліла за 12-13 гадоў. Дзеці "ікс", як называюць іх псіхолагі. Якія толькі што не нараджаюцца з гаджэтамі ў руках. І не выпускаюць іх, падобна, нават падчас сну.
Вось яны-та і чмурэюць ад гэтай брыдоты, якая, нібы іржа, раз'ядае іх яшчэ неакрэплыя свядомасці. Навязваючы ім адзіную думку: жыццё — гэта суцэльная асалода, дзеля дасягнення якой усе сродкі добрыя.
Ад наркотыкаў да сэксуальнай распушчанасці. Вось я і думаю: прыйшла пара і гэтым "кампазітарам" кісларод перакрыць", — рэзюмуе Аляксандр Яўсеенка.