Ябацькі з плакатамі месячнай даўніны прыйшлі да амбасады ЗША, а там — выходны
Сярод удзельнікаў пікета — студэнты. А як жа пары ва ўніверсітэце? / Еўрарадыё
30 красавіка каля 10 праўладных актывістаў пікетавалі амбасаду ЗША ў Мінску. Дзяржагенцтва БЕЛТА паведаміла, што акцыя прайшла ў сувязі "з паведамленнямі пра тое, што ЗША датычныя да арганізацыі змовы з мэтай забойства прэзідэнта і захопу ўлады ў Беларусі". Хоць ябацькі прынеслі да амбасады плакаты, намаляваныя месяц таму — задоўга да таго, як Лукашэнка расказаў пра "змову" супраць сябе.
"Байдэн, мацней трымайся за парэнчы", "Даеш сумленныя выбары ў ЗША", "Калі пачнуць перамовы па перадачы ўлады Трампу?" — вось гэтыя плакаты месяц таму і сёння:
Еўрарадыё пазнала некалькіх удзельнікаў пікета. Гэта студэнты і актывісты БРСМ.
Напрыклад, Святаслаў Куцапалаў — студэнт 4 курса МТФ БНТУ. Ён разам з іншымі ўдзельнікамі пікета скандуе "Лукашэнка — наш прэзідэнт!". Месяц таму, 23 сакавіка, ён таксама пікетаваў амбасаду ЗША.
Аднойчы Святаслаў нават трапіў на адно фота з Аляксандрам Лукашэнкам:
Еўрарадыё датэлефанавалася дэкану МТФ БНТУ Ігару Іванову.
— Я ад вас першы раз чую, — адказаў ён на пытанне пра тое, як ставіцца да ўдзелу сваіх студэнтаў у такіх акцыях.
— Нагадаем, што ў кастрычніку праз пропуск адной пары адлічвалі студэнтаў, за ўдзел у студэнцкім маршы было адлічана 54 студэнты. Адміністрацыя БНТУ, адлічыце гэтага студэнта? — задаюцца пытаннем у студэнцкім тэлеграм-чаце "БНТУ-97".
Яшчэ адзін чалавек з пікета — Вадзім Барысюк, сакратар Ленінскай раённай арганізацыі БРСМ.
Актывісты БРСМ прыйшлі да амбасады ЗША, нягледзячы на пахмурнае надвор'е раніцай 30 красавіка. Але "мэтавая аўдыторыя" — супрацоўнікі дыпламатычнага прадстаўніцтва — іх намаганні наўрад ці ацаніла. Бо 30 красавіка ў амбасадзе ЗША — выходны, Дзень працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.