Як Ціханоўскі адказаў на пытанне пра інтэграцыю з Расіяй
Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Мінску / Еўрарадыё
На пікеце каля Камароўскага рынку журналіст радыё "Свабода" Аляксандра Дынько задала Сяргею Ціханоўскаму пытанне пра яго стаўленне да інтэграцыі з Расіяй.
— Я супраць інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй. Я выступаў на некалькіх мітынгах 20-21 снежня, за што быў асуджаны на 30 сутак, — пачаў адказваць Ціханоўскі, і раптам асекся. — Я зараз выпраўлюся трошкі. Я за гэта атрымаў суткі... За паглыбленую інтэграцыю ў нас Аляксандр Рыгоравіч толькі выступае. Я выступаю за суверэнную і незалежную Беларусь. Але — вось, забыўся, думка сышла. Зараз працягну. Вырашаць, куды рухацца: на Захад, на Усход, з кім як сябраваць — павінныя беларусы. Людзі, а не адзін чалавек, які ўсё ведае.
Фразу пра тое, што рашэнне пра будучыню краіны павінен прымаць народ, любіць паўтараць іншы беларускі палітык — Аляксандр Лукашэнка. Яна з'явілася ў яго арсенале ў снежні 2010 года, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў:
"Ніхто акрамя беларускага народа не можа вырашаць, як яму жыць, як развівацца, якім законам быць на нашай зямлі. І хто будзе прэзідэнтам — вы будзеце вырашаць", — сказаў тады Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.