Як гаварыць з бацькамі пра дзіцячыя траўмы — каб без новых крыўд і папрокаў
Мама ўсё разумее
Пагаварыўшы з беларусамі пра прапрацоўванне дзіцячых траўмаў, Еўрарадыё звярнула ўвагу, што многія таты і мамы не гатовыя абмяркоўваць са сваімі ўжо дарослымі дзецьмі свае памылкі. "Ты ўсё прыдумала" і "нічога падобнага не было" — даволі частыя рэакцыі на спробы пагаварыць пра непрыемныя сітуацыі з мінулага і разабрацца ў дзіцячых траўмах.
Яшчэ горш, калі бацькі ў адказ на жаданне пагаварыць пра важнае пачынаюць крыўдзіцца, пасля чаго адносіны ў сям'і становяцца напружанымі. Можа быць, сапраўды не варта варушыць мінулае? Можа быць, правільней праглынуць дзіцячыя крыўды і жыць сваім жыццём?
Чаму размовы па душах з бацькамі не заўсёды складаюцца, расказвае псіхолаг і спецыяліст па метадзе КПТ Лілія Хедзіна.
— Давайце зазірнем рэальнасці ў вочы: не ўсім бацькам важна выбудоўваць даверлівыя і блізкія адносіны з дзецьмі. Нават тым, у каго дзеці былі жаданымі, доўгачаканымі, можа быць незразумелы запыт на блізкасць — а значыць, і на ўразлівасць. Да гэтага трэба быць гатовым.
Я заклікаю да спагадлівасці: мы рыхтуемся ў кабінеце псіхолага да гэтай самай уразлівасці, але хто да яе рыхтуе нашых значных дарослых? Ці пытаем мы іх, ці гатовыя яны да яе? Ці патрэбная яна ім? Аднабаковае жаданне і гатоўнасць да блізкасці працуе так жа сама, як секс без згоды — успрымаецца як гвалт і выклікае жаданне абараняцца.
— Ці заўсёды і ці з усімі бацькамі трэба прагаворваць старыя крыўды-траўмы?
— Я б тут прапанавала падзяліць бацькоў на дзве групы:
1. Тыя, для якіх адносіны з дзецьмі каштоўныя, якімі б складанымі яны ні былі.
2. Тыя, для каго кантакт з дзецьмі — лішні клопат і напруга.
Што тычыцца першай групы, тут ёсць сэнс у падобнай размове. Але трэба ўлічыць, што ў іх напэўна ёсць сваё бачанне ролі "добрага" бацькі ці маці, ці таго з бацькоў, якім яны спрабавалі стаць для сваіх дзяцей. І калі ім паведамляюць, што яны такімі для нас не былі, ім балюча і хочацца абараняцца.
У псіхалагічных кабінетах вучаць абыходзіць нашыя прыродныя абарончыя рэакцыі на пагрозу ("бі/бяжы/замры") і трымаць курс на каштоўнасць адносін, і таму мы становімся здольныя не апускацца ў хвілінную эмацыйную рэакцыю. У нашых бацькоў такіх навыкаў часцяком проста няма, ім альбо няма адкуль было ўзяцца, альбо гэта даецца ім цяжка — і яны абараняюцца як могуць. Адрачэннем ("не падабаецца — не кантактуй"), абясцэньваннем ("Мне б твае праблемы"), перакладаннем адказнасці ("Зноў гэты твой псіхолаг..."), а то і прамой агрэсіяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.