Як уберагчы тых, каму надакучыла жыць? Парады псіхіятра

Як падтрымаць блізкіх у складанай сітуацыі і ўратаваць ад незваротнага

Як падтрымаць блізкіх у складанай сітуацыі і ўратаваць ад незваротнага / @rubanau_collage

Мінск шакаваны серыяй суіцыдаў студэнтаў. Пайшоў з жыцця па ўласнай волі хакеіст Канстанцін Кальцоў… Любая смерць — гэта трагедыя, але калі чалавек прымае рашэнне пайсці з жыцця сам, гэта асабліва горка.

Бо тых, хто застаўся, пачынае тачыць пачуццё віны: можа, гэта мы не былі да яго ўважлівыя, не спыталіся ў час, як справы, не адказалі на тэлефанаванне, не былі побач…

А ўлічваючы, што ўсім цяпер па-свойму няпроста, сябры, сваякі, знаёмыя чалавека, які здзейсніў самагубства, могуць падхапіць гэтыя атрутныя думкі: “Чаму ён або яна не змог ці не змагла, а я — мушу спраўляцца са складанасцямі жыцця?”

Але ня варта падаць у гэтую небяспечную варонку. Еўрарадыё пагаварыла з доктарам-псіхіятрам Паўлам Перапёлкіным і даведалася, як можна дапамагчы тым, хто знаходзіцца ў адным кроку ад незваротнага рашэння.

— Ці можна ўвогуле заўважыць, што чалавек задумваецца пра суіцыд? Даволі часта навіны пра самазабойствы суправаджаюць каментары кшталту: “Гэта сапраўды нечакана, такі добры, вясёлы чалавек, нічога не прадвяшчала бяды”...

— Калі чалавек плануе суіцыд — рэальны суіцыд, а не шантаж — ён прыхоўвае свае намеры, і гэта заўважыць цяжка. Нейкія ўскосныя прыкметы могуць быць. Напрыклад, чалавек аддае даўгі, нібыта нейкія справы завяршае. Выбачэння просіць у каго-небудзь за тое, што даўно забылася. Калі ёсць прыкметы нейкага развітання — гэта можа быць трывожным званочкам.

Але перш за ўсё мае сэнс звяртаць увагу, калі ў чалавека ёсць першыя прыкметы нейкага дэпрэсіўнага стану. Калі чалавек неадпаведна абставінам эмацыйна рэагуе, калі ўсе весяляцца, радуюцца, а яму цяжка гэта рабіць, нічога не радуе, нічога не весяліць. 

Калі гэта ўстойліва, калі адпачыць, змяніць абставіны не дапамагае і лягчэй не становіцца, неяк тужліва, сумна.... Калі чалавек у сябе заўважае гэта або ў блізкіх, гэта нагода звярнуцца да лекара.

— Многіх гэта спыняе: што я, з дрэнным настроем адразу да псіхіятра пайду?

— Можа быць псіхолаг таксама, але я надаю перавагу менавіта псіхіятру, бо не кожны псіхолаг мае кваліфікацыю, каб заўважыць разлад псіхікі. Псіхолаг працуе з нормай, а псіхіятр дыферэнцуе, і калі гэта пэўны разлад псіхікі, ён далей направіць да псіхолага, але перш за ўсё трэба зразумець, ці патрэбна медыкаментознае лекаванне.

Але тут ёсць вельмі сур'ёзная праблема. У Беларусі да сённяшняга дня існуе шмат элементаў карнай псіхіатрыі. Гэта не тое, што чулі ў савецкія часы пра дысыдэнтаў. 

Чалавек не адчувае сябе ў бяспецы, калі звяртаецца да псіхіятра — і гэта вельмі важны момант. І калі ён мае нейкія суіцыдальныя намеры, і мы яго або схіляем ісці да псіхіятра, або самі вядзем да спецыяліста, тут важна разумець, што чалавек пачынае сябе пачуваць яшчэ больш небяспечна.

Тая ж гаспіталізацыя. Існуюць даследванні, якія паказваюць, што ў пэўных выпадках яна павялічвае суіцыдальную рызыку. Напрыклад, чалавек у дэпрэсіі схільны сябе вінаваціць.

Акрамя таго, што змяніліся абставіны — адаптацыя, стацыянар з усімі нашымі ўмовамі, яшчэ ў яго думкі: "Ну вось, я клопат і сабе, і блізкім, і лекарам, і навошта мне такому дрэннаму жыць".

Таму гаспіталізацыя — не заўсёды добра, асабліва ў беларускіх рэаліях. Але зразумела, калі рэальная рызыка для жыцця існуе, то лепш так. Як мінімум, чалавек будзе пад назіраннем, і больш шанцаў, што яму гэта проста не дадуць зрабіць.

— Складаная сітуацыя: дапамога спецыяліста неабходная, але страшна, што гэта будзе мець наступствы…

— Калі ёсць пэўны суіцыдальны намер, лепш спрабаваць разам з чалавекам знайсці найбольш бяспечнае выйсце. Можна звярнуцца да псіхолага, але каб ён мог вызначыць, што дэпрэсія патрабуе медыкаментознага лекавання. Ёсць грамадскія арганізацыі, тэлефоны даверу, валанцёрскія рухі… Каб спачатку яго хтосьці паслухаў і мог накіраваць.

Як уберагчы тых, каму надакучыла жыць? Парады псіхіятра
Няма нічога ганебнага ў тым, каб паскардзіцца на дрэнны настрой лекару / Еўрарадыё

— Цяпер у сацсетках трэнд на шчырасць — многія распавядаюць пра свой досвед перажывання крызісаў і дэпрэсіі, не саромеюцца распавесці, што ходзяць да псіхатэрапеўта, прымаюць антыдэпрэсанты. Падзяліцца з чалавекам, які згубіў сэнс жыцця, сваім досведам —  гэта дапаможа?

— Залежыць ад сітуацыі. Кагосьці гэта будзе злаваць — мне і так цяжка, а ты мне яшчэ і пра свае праблемы тут расказваеш. А для кагосьці гэта так, можа быць прыкладам, што можна дапамагчы, што была праблема — і вырашылася, чалавек звярнуўся да лекара — і ніхто не закрыў яго ў дурдоме і не зрабіў з яго садавіну. Універсальнага падыходу няма. Паспрабаваць заўжды можна.

— Ёсць яшчэ такі народны падыход да меланхоліі: табе сумна, нешта дрэннае здарылася —павесяліся, выпі…

— Гэта распаўсюджаная парада: выпі — і стане лягчэй. У нас людзі не ўмеюць радавацца, гараваць, пражываць свае эмоцыі.

Алкаголь, як і іншыя псіхаактыўныя рэчывы —ілюзія лёгкага выйсця. Ужыў — і нібыта і добра. Так людзі пачынаюць злоўжываць. Калі гэта самалекаванне, спроба паўплываць на свае эмоцыі, на свой стан чымсці, што даступна. Нярэдка, калі з залежным чалавекам працуеш, высвятляецца, што залежнасць развілася ўжо на фоне дэпрэсіі.

Што датычыцца алкаголя, у яго ёсць такая ўласцівасць — непасрэдна ў моманце рабіць чалавека не тое, што больш вясёлым... Але актуальнасць праблем зніжаецца, нейкія перажыванні, якія да гэтага турбавалі — больш не турбуюць. У моманце добра, але гэта мае адваротны механізм, і гэта павязана непасрэдна з біяхіміяй мозгу і ўплыву на яго этанола.

Наступае знясіленне тых сістэм, якія забяспечваюць добры эмацыйны стан, і на наступны дзень чалавек атрымлівае сітуацыю зусім наадварот. Калі чалавек у ап'яненні вечарам заспакоены, яму ўсё роўна, што там, то трывога больш характэрна на ранак. Яна можа быць беспрычынная і фонам, і накатамі, хвалямі.

Суіцыды і адбываюцца або ў стане ап'янення, калі чалавек не кантралюе паводзіны, не ацэньвае рызыкі, альбо пасля, калі ёсць трывога, зніжаны настрой, неспакой — тады чалавек схільны прыняць такое рашэнне.

— Трэба мець пэўную ўстойлівасць і сілы, каб падтрымаць чалавека, якому цяпер складана. Але не будзеш жа казаць, маўляў, усё будзе добра, калі сам у гэта не верыш, бо навокал дзеецца немаведама што?

— Так, цяпер многія ў такім стане, бо навіны і не чытаць нельга, і чытаць немагчыма. Чароўнай парады тут няма. Але асноўнае ў гэтай сітуацыі — перамясціць увагу не на нейкія перспектывы і будучыню, якая нам падаецца не вельмі добрай і мы наогул не ведаем, якая яна будзе… А быць тут і зараз. Звярнуць увагу на сваё наваколле, на людзей, якія знаходзяцца побач — сябры, блізкія, калегі. На тое, што адбываецца навокал.

Зразумела, гэта не азначае, што трэба неяк адмежавацца ад таго, што адбываецца ў Беларусі і ў свеце. Але ўзаемадзейнічаць з гэтым праз непасрэднае асяроддзе. Хтосьці можа заданаціць, хтосьці — проста з сябрамі нешта абмеркаваць і разам прыйсці да нейкай думкі…

Што можна зрабіць тут і зараз? Не ў нейкай далёкай будучыні, яшчэ невядома, якой яна будзе, а непасрэдна вось тут. Мабыць, не для свету, не для Беларусі, не для Украіны, а для кагосьці з блізкіх можна штосьці зрабіць. Прыгатаваць вячэру і пабыць разам увечары. Чаму не? Гэта таксама добра.

Вакол нас шмат блізкіх людзей, якім мы патрэбныя, якія патрэбныя нам. Пэўны рэсурс можна знайсці ў гэтым асяроддзі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі